Спецтэхніка, сілавікі і акцыі салідарнасці: у Мінску чакаецца нядзельны марш
Сілавікі з сабакамі / Еўрарадыё
13 снежня ў Мінску чакаецца нядзельны пратэстны марш. У горадзе ўжо заўважылі ваенную тэхніку, вадамёты і групы сілавікоў.
Ва Уруччы калону спецтэхнікі гучнай музыкай і чырвона-зялёнымі сцягамі прывітала невялікая група прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Аўтазакі, спецтэхніку і аўтобусы з сілавікамі заўважылі таксама ў Студэнцкай вёсцы на праспекце Дзяржынскага і каля станцый метро "Пушкінская" і "Плошча Леніна".
Невялікія групы сілавікоў размеркаваныя па мінскіх мікрараёнах. Мікрааўтобусы заўважылі жыхары вуліц Аэрадромная, Касманаўтаў, Прытыцкага, Пляханава.
Мінчане з самай раніцы ладзяць невялікія акцыі салідарнасці, у некалькіх раёнах з'явіліся пратэстныя інсталяцыі. З бел-чырвона-белымі сцягамі ўжо выйшлі на шпацыр жыхары Грушаўкі, Каменнай Горкі. На доме ў раёне вуліцы Някрасава з'явілася стужка з надпісам "Наша возьме".
Сёння будзе 18-я нядзеля запар, калі беларусы пратэстуюць супраць фальсіфікацый на выбарах і гвалту з боку сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.