Запраўкі для Еўропы будуе фірма, звязаная з падсанкцыйнымі кампаніямі — "Бюро"

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін (злева) і Аляксандр Арцюховіч (справа)

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін (злева) і Аляксандр Арцюховіч (справа) / church.by

Кампанія VDS ставіць запраўкі "Беларуснафта" і робіць "пад ключ" запраўкі ў Еўропе і ўсім свеце. Пры гэтым яна супрацоўнічае з падсанкцыйнымі фірмамі ў Беларусі і Расіі, падтрымлівае акупацыйны рэжым на Данбасе і спансіруе "рускі свет", паведамляюць расследвальнікі "Бюро".

Штогод VDS можа выпускаць да тысячы заправак. Для параўнання: ва ўсёй Беларусі іх крыху больш за 800. Сярод кліентаў кампаніі ёсць нафтавыя кампаніі з ЗША, Вялікабрытаніі, Індыі ды Грузіі. Яна мае даччыную кампанію ў Расіі і прадстаўніцтва ў Казахстане. У Астане рыхтуюцца адкрыць яшчэ і завод VDS. Гэта будзе другая вытворчасць фірмы. Першая — у Мінску.

Выручка адной толькі кампаніі з групы VDS за 2024 год перавысіла 40 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак склаў амаль 825 тысяч долараў. Пры гэтым на рахунках кампаніі налічваецца каля 23 мільёнаў долараў неразмеркаванага прыбытку.

Стварылі яе і валодаюць тры беларусы: Аляксандр Арцюховіч, Пётр Рабіцкі і Аляксей Шышко. Большую долю акцый мае Арцюховіч. У фірме працуюць іх сваякі — жонкі, дзеці, зяці і нявесткі. Найбольшы ўплыў сярод іх мае жонка Арцюховіча Аксана Канавалава. У 2009 годзе яна атрымала грамадзянства Расіі, там на яе запісаныя падраздзяленне VDS і гандлёвы дом у Смаленску.

Сярод кліентаў VDS, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі, расследвальнікі называюць "Беларуснафту" і "Раснафту".

Пры гэтым VDS мае ў Румыніі  фірму VDS Development Services SRL. У 2018 годзе кантроль над ёй перайшоў грамадзяніну Канады Міхаілу Журу. Але на сайце беларускай VDS Міхаіл Жур прадстаўлены толькі як "рэгіянальны дырэктар" у Румыніі.

Мяркуючы па сацсетках VDS, іх асноўны праект у Румыніі – запраўкі для Rompetrol, адной з самых магутных нафтавых кампаній ва Усходняй Еўропе. У 2012 годзе VDS правяла для іх рэбрэндынг, у 2019-м – абнавіла дызайн. Супрацоўніцтва працягвалася як мінімум да 2022 года.

Да нядаўняга часу на сайце VDS былі пазначаныя кантакты прадстаўнікоў яшчэ ў дзвюх краінах Еўрасаюза – Эстоніі (Tankla Abi OÜ) і Латвіі (DLL Serviss). Абедзве яны спынілі супрацу пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Тым часам VDS не збіраецца сыходзіць з еўрапейскага рынку. У траўні 2024-га яна брала ўдзел у выставе UNITI Expo ў нямецкім Штутгарце, дзе вяла перамовы са старымі кліентамі і шукала новых.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у каментары "Бюро" адзначыў, што ЕС не прымаў рашэння замарожваць актывы кампаній, заснавальнікі якіх аказваюць паслугі падсанкцыйным кампаніям за межамі ЕС: "Гэта значыць, нельга сказаць, што VDS або еўрапейскія нафтавыя кампаніі парушаюць закон і ёсць падставы іх прыцягваць да адказнасці. Тут можна толькі ўздымаць пытанне пра рэпутацыю".

Гендырэктар па бяспецы VD Мікалай Гаўрылаў мае некалькі судзімасцяў — за разбойны напад і вымаганне, а таксама за абрабаванне рэстарана і хуліганства. У 2015 годзе Гаўрылаў каардынаваў "беларускія вакацыі" для дзяцей з Данецка, прычым VDS кампенсавала транспартныя выдаткі гэтых "вакацыяў". Вядома, што сямёра чалавек пасля тых "вакацый" засталіся ў Беларусі. У 2016-м Гаўрылаў каардынаваў яшчэ адну такую паездку.

Як высветліла "Бюро", ён і цяпер ездзіць на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі з групай паплечнікаў. Паводле яго версіі, выключна з гуманітарнай дапамогай для мясцовых жыхароў, якую збірае Свята-Елісавецінскі манастыр. Тым часам "Бюро" высветліла, што насамрэч дапамогу атрымлівалі і расійскія салдаты. За гэтыя паездкі ў 2023 годзе кіраўнік "адміністрацыі" акупаванага Марыупаля ўручыў яму ўзнагароду "за падтрымку Данбаса".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.