У Беларусь уцяклі расійскія інфарматары з Латвіі
Сілавікі Латвіі / VDD
У Латвіі арыштавалі не менш за трох чалавек, звязаных з так званай групай "Балтыйскія антыфашысты". У рамках гэтай групы дзейнічала сетка інфарматараў, якія збіралі і перадавалі расійскім спецслужбам звесткі пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, пра ўкраінцаў і прыхільнікаў Украіны ў Латвіі.
Паводле звестак delfi.lv, арышты адбыліся дзякуючы дакументам, якія атрымала арганізацыя расійскага апазіцыянера Міхаіла Хадаркоўскага "Дасье Цэнтр". Паведамляецца, што ўдзельнікі групы "Балтыйскія антыфашысты" спрабавалі трапіць на заводы па вытворчасці дронаў. Крымінальны працэс супраць гэтай групы пачалі ў лістападзе 2022 года.
Пад судом у Латвіі цяпер знаходзяцца два ўдзельнікі групы — Тацяна Андрыец і Аляксандр Жгун. У Расію паспелі выехаць Сяргей Васільеў (называў сябе кіраўніком "Балтыйскіх антыфашыстаў") і Станіслаў Бакайнс. А Вікторыя Матуле і Раман Самуль у 2022 годзе перабраліся ў Беларусь.
Як адзначае Радыё Свабода, у Беларусі Раман Самуль і ягоная жонка Вольга атрымалі статус уцекачоў. Разам з маленькай дачкой, якая нарадзілася ўжо ў Беларусі, яны жывуць у сваім доме, які купілі ў сельскай мясцовасці. Аднак назву вёскі, дзе яны жывуць, дзяржаўныя СМІ не згадваюць.
Раман Самуль спачатку працаваў у калгасе, а потым яго запрасілі пазаштатным журналістам у Белтэлерадыёкампанію. Там ён расказвае, як кепска жыць у Еўропе і як добра жыць у сацыяльна арыентаванай Беларусі, у якой ёсць усё для добрага жыцця.
Вікторыя Матуле была адміністратаркай аднаго з тг-каналаў "Балтыйскіх антыфашыстаў". Пасля пераезду яна пражыла ў Беларусі менш за два месяцы, а потым усё ж выехала ў Расію.