У Латвіі знайшлі доказы, што сілавікі РБ арганізоўваюць нелегальную міграцыю
Беларускі памежнік суправаджае мігрантаў / mil.lv
У арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Латвію ўдзельнічаюць праваахоўныя, вайсковыя і памежныя структуры Беларусі. Пра гэта заявіў Аб'яднаны штаб Узброеных Сіл Латвіі.
Так, у аднаго з затрыманых парушальнікаў мяжы былі выяўленыя дакументы і сродкі сувязі, якія належаць беларускаму вайскоўцу. У Аб'яднаным штабе сцвярджаюць, што дакументы належаць вайскоўцу разведвальнага батальёна 19-й гвардзейскай механізаванай пяхотнай брыгады, дыслакаванай у Віцебскай вобласці: "Дакументы ўключалі ўнутраную дакументацыю вайсковай часці, у тым ліку ўлік выдадзеных матэрыяльна-тэхнічных сродкаў".
Таксама ў мабільніках затрыманых мігрантаў знайшлі іх фатаздымкі з беларускімі памежнікамі, у тым ліку ў вайсковым транспарце. Акрамя таго, латвійскі бок зафіксаваў выпадкі, калі памежнікі дастаўлялі мігрантаў да мяжы, каб яны спрабавалі нелегальна перабрацца на другі бок.
"Зафіксаваныя і факты, якія сведчаць аб выкарыстанні нелегальных мігрантаў у мэтах збору інфармацыі, а таксама аб наяўнасці іншых элементаў гібрыдных пагроз. Так, Нацыянальныя ўзброеныя сілы і Дзяржаўная памежная ахова рэгулярна фіксуюць праявы радыёэлектроннай барацьбы з боку тэрыторыі Беларусі, якія ўплываюць на працу сістэм сувязі і навігацыі ў памежных раёнах", — сцвярджаюць у Аб'яднаным штабе.