Генпракуратура накіравала ў суд справу арганізатараў канцэртаў

Канцэрт, ілюстрацыйнае фота

Канцэрт, ілюстрацыйнае фота

Генпракуратура накіравала ў Мінгарсуд крымінальную справу супраць арганізатараў канцэртаў. Па ёй праходзяць як кіраўнікі адной з абласных філармоній, так і службовыя асобы прыватных камерцыйных структур. Іх вінавацяць у хабары і падатковых злачынствах.

Як сцвярджае бок абвінавачання, дырэктар адной з абласных філармоній і яго намеснік дамовіліся працаваць з камерцыйнымі структурамі так, каб тыя плацілі хабар за дазвол артыстам удзельнічаць у мерапрыемствах.

"За такую дапамогу дырэктар філармоніі і яго намеснік з 26 кастрычніка 2022 г. па 10 лютага 2024 г. прынялі ў некалькі прыёмаў для сябе ў якасці хабару перададзеныя ім не менш за 1,9 тыс. рублёў, а з 22 жніўня 2023 г. па 30 снежня 2024 г. — больш за 98 тыс. рублёў", — адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры.

Хабарадаўцаў таксама вінавацяць у скажэнні бухгалтарскага ўліку дзеля заніжэння базы падатку на прыбытак. У прыватнасці, камерцыйныя структуры не ўключалі дакументы, у якіх адлюстроўваўся даход ад правядзення канцэртаў. У выніку быў недаплачаны падатак на прыбытак у 135 тысяч рублёў. Таксама іх вінавацяць ва ўхіленні ад абавязкаў падатковага агента. Ад гэтага, па версіі пракурораў, бюджэт недалічыўся падаходнага падатку на больш як 108 тысяч рублёў.

Атрымальнікі хабараў знаходзяцца пад вартай, астатнія абвінавачаныя — пад закладам.

Генпракуратура не назвала філармонію і камерцыйныя структуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.