Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця

Валанцёркі, якія не могуць жыць выключна асабістым жыццём 

Валанцёркі, якія не могуць жыць выключна асабістым жыццём  / БЕЛСАТ

“Прайшоў месяц, як былых палітвязняў вывезлі ў Польшчу з беларускіх калоній і турмаў. У першыя дні было важна, каб усе яны падаліся на міжнародную абарону, схадзілі да лекараў, набылі базавую вопратку. Цяпер паўстаюць новыя задачы, спраўляцца з якімі было б вельмі цяжка, калі б не тыя, хто дапамагае”.

Гэтыя словы праваабаронцы Насты Базар тычацца дзясяткаў беларусаў і беларусак, што ў гэтыя дні не могуць жыць выключна сваім асабістым жыццём і дапамагаюць экс-палітзняволеным. Як бы ні хацелася Еўрарадыё, распавесці пра ўсіх немагчыма, бо кожная гісторыя вартая асобнай главы кнігі пра беларускую салідарнасць. Але мы пагутарылі з некалькімі валанцёркамі, каб разам з імі яшчэ раз нагадаць: маленькай дапамогі не бывае.

Чытайце, натхняйцеся і далучайцеся.


У нейкі момант асабліва востра разумееш — яны пачынаюць жыць з нуля

— Размовы пра чарговае вызваленне палітвязняў хадзілі яшчэ восенню, — успамінае Яўгенія Доўгая. — Валанцёркі з ініцыятывы “Ружовыя хусткі” пачалі рыхтавацца загадзя, і ўжо к 13 снежня ў іх было сабрана шмат неабходных рэчаў: посуд, сродкі гігіены, скрынкі з адзеннем… Пасля таго як адкрылі межы, з’явіліся размовы, што дапамога, верагодна, спатрэбіцца не толькі ў Вільні, куды вывезлі людзей, вызваленых раней, але і ў Варшаве. Так і адбылося.

У ноч на 18 снежня, калі прымалі вызваленых, мяне там не было. Ужо на наступны дзень стала зразумела, што людзей не хапае: былым палітвязням трэба было дапамагаць з пакупкамі, многія былі прастуджаныя, патрабавалася медыцынская дапамога. Пра ўсё гэта я даведалася, апынуўшыся ў чаце каардынацыі валанцёраў.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Яўгенія Долгая — аўтарка праекта "Палітвязынка" і ўдзельніца іншых дабрачынных праектаў
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
"Былым палітвязням трэба было дапамагаць з пакупкамі, многія былі прастуджаныя, патрабавалася медыцынская дапамога..."

— У Беларускім доме адбываліся сустрэчы, цёплыя і вельмі жывыя, — працягвае Жэня. — Людзі дзяліліся сваімі гісторыямі. Асабліва моцна запомнілася, як адна з жанчын распавядала пра вобшук: незнаёмцы ў брудных ботах зайшлі ў яе новую кватэру і сталі на любімы дыван — і яна спакойна, з годнасцю папрасіла іх разуцца. У гэтых аповедах было шмат болю, але яшчэ больш сілы.

Па словах беларускі, дапамагаць вызваленым прыемна і важна. Яна не адчувае выгарання, яе натхняюць згуртаванасць і падтрымка іншых беларусаў і беларусак.

— Мне прыемна назіраць, як жанчыны, якія яшчэ нядаўна былі за кратамі, паступова змяняюцца: стрыгуцца, надзяваюць новыя завушніцы, акуратна апранаюцца, выпрамляюцца, вяртаюць сабе годнасць і ўпэўненасць. Назіраючы за гэтым, разумееш, што ўся гэтая дапамога мае сэнс. І хочацца толькі аднаго: каб усе як мага хутчэй былі на волі.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
У штабе збору дапамогі экс-палітвязням

Перад Новым годам НЕ ў калоніі хочацца быць мацней, чым у звычайныя дні

— Калі я даведалася пра чарговае вызваленне палітзняволеных, усе думкі былі ўжо толькі пра іх, — дзеліцца ўспамінамі Вольга Філатчанкава. — Гэта была субота, і напярэдадні мы з сяброўкай, таксама былой палітзняволенай, дамовіліся пайсці на шпацыр па Варшаве. Так супала, што стрым Еўрарадыё з Вільні, дзе спадзяваліся ўбачыць нашых людзей, пачынаўся акурат у той час, на які была запланавана наша сустрэча. Таму мы хадзілі па Варшаве і глядзелі стрым — не хацелася прапусціць аніводнай кроплі інфармацыі.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Вольга Філатчанкава — былая палітзняволеная і экс-выкладчыца БДУІР

На 16 снежня ў Вольгі быў запланаваны тэст па польскай мове. Яна спрабавала падрыхтавацца, але хутка зразумела, што гэта марная справа:

— Ні пра што і ні пра каго, акрамя гэтага вызвалення, я думаць ужо не магла. Да таго ж, паколькі большасць з экс-палітзняволеных апынулася ва Украіне, было відавочна, што ў хуткім часе яны прыедуць у Польшчу. Рэжым чакання ўключыўся аўтаматычна.

Калі гэты цуд нарэшце адбыўся, дзяўчаты з розных ініцыятыў прапанавалі зрабіць навагоднія падарункі для вызваленых жанчын. 

Як успамінае Вольга, ідэя нарадзілася паралельна ў розных месцах, але хутка ўсе аб’ядналіся і рэалізавалі яе разам. Яна ж прапанавала зрабіць ялінкі — каб у кожнай жанчыны была свая.

— Я ўвогуле трошкі вар’ятка, калі гаворка ідзе пра Новы год, — усміхаецца Вольга. — Вельмі люблю гэтае свята: ялінкі, упрыгожанні і, канешне, падарункі. І люблю іх не толькі атрымліваць, але і дарыць. Я даўно раблю падарункі сваімі рукамі — вяночкі, яліначкі, розныя кампазіцыі, калядныя зоркі. Часам жартую, што нясу Новы год у масы.

Вольга Філатчанкава: шчыра лічу, што беларуская нацыянальная ідэя — любоў

Да гэтага снежня суразмоўніца Еўрарадыё, як звычайна, рыхтавалася загадзя: ад пачатку месяца на балконе ўжо ляжалі галінкі галандскай елкі, з якіх Вольга планавала зрабіць нешта для сяброў. Але хутка стала зразумела, што частка вызваленых жанчын у бліжэйшы час з’едзе з Варшавы ў іншыя гарады, і яна пачала хвалявацца, што не паспее.

— Мне казалі, што ялінкі можна будзе перадаць разам з усімі падарункамі, але я не пагадзілася. Каму яны патрэбныя пасля Новага года? У выніку зрабіла шэсць ялінак і сама адвезла іх у гатэль. Дзяўчаты так кранальна радаваліся — гэта натхніла мяне зрабіць яшчэ вельмі шмат ялінак. Мне было настолькі прыемна, што я нават адчула сябе крыху Дзедам Марозам. Астатнія ялінкі ўручалі ўжо разам з усімі іншымі падарункамі.

Вольга кажа, што для тых, хто прайшоў праз зняволенне, навагоднія святы маюць асаблівае значэнне:

— У калоніі ёсць такая псіхалагічная рэч: перад Новым годам або Божым Нараджэннем НЕ ў калоніі [дома] хочацца быць мацней, чым у звычайныя дні. Ад гэтага становіцца яшчэ цяжэй, а час цягнецца, нібы гумовы. Таму я асабліва рада, што гэты Новы год гэтыя 123 чалавекі сустрэлі не за кратамі. 
І што кожная з дзяўчат сустрэла яго са сваёй асабістай ялінкай.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Ялінкі для экс-палітвязняў
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Ялінкі і падарункі ў скрынках ад 23.34.box

Нельга “прычыняць дабро”

— Ужо больш за год мая дзейнасць так ці інакш звязана з гісторыямі палітвязняў, — кажа Алеся Буневіч. — Калі гаварыць пра жанчын, многіх з іх я ведаю асабіста: мы перасякаліся ў гомельскай калоніі і ў СІЗА. У кожнай гісторыі — абсурд, боль і трагедыя, але амаль заўсёды ёсць і стойкасць, і нязломнасць.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Алеся Буневіч / facebook.com
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Коўдры для палітвязняў

Алеся адзначае, што людзі, якія цяпер жывуць у шэлтары, даволі хутка становяцца самастойнымі: самі арыентуюцца ў горадзе, вырашаюць побытавыя пытанні, дапамагаюць адно аднаму.

— Я магу падказаць, накіраваць, але далей — іх шлях і іх адказнасць.

Асабліва кранальным для Алесі стаў момант, калі адна з дзяўчат упершыню сама вярнулася з касметалагічнай працэдуры на грамадскім транспарце.

— Я бачыла, як яна ганарылася сабой. І я ганарылася разам з ёй — чалавекам, які пасля доўгага зняволення вяртаецца да жыцця і вучыцца радавацца маленькім перамогам.

За апошнія тыдні, кажа Алеся, дапамогі было неверагодна шмат: рэчы, ежа, побытавая падтрымка, паслугі.

— Гэты досвед зноў нагадаў мне, дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Салідарнасць — гэта не слова, а жывое дзеянне.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Дапамога з Італіі

Базавыя рэчы, якія дапамагаюць выглядаць і адчуваць сябе адэкватна 

— У апошні месяц я ў асноўным займалася валанцёрствам, звязаным з пошукам б’юці-працэдур і лекараў для жанчын, — расказвае Алана Гебрэмарыям. — Я працую з былымі палітвязынкамі, у нас ёсць свая арганізацыя, і мы дапамагаем жанчынам, якім патрэбна псіхалагічная, юрыдычная і побытавая падтрымка.

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Алана Гебрэмарыям / Еўрарадыё
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Паштоўка ад экс-палітвязанак

— У вачах жанчын было столькі цеплыні і нейкай удзячнасці, што я не стрымала слёз, — кажа Алана.

Падчас уручэння навагодніх падарункаў — упрыгажэнняў, сертыфікатаў, касметыкі і ялінак, зробленых Вольгай Філатчанкавай — некаторыя жанчыны плакалі.

Алана адзначае: гэтая праца бывае складанай і эмацыйна балючай, часам нават рэтраўматычнай. Але разам з тым яна дае шмат энергіі і надзеі — калі бачыш, як чалавек на тваіх вачах паступова вяртаецца да жыцця.

Дапамагаюць шмат, але гэта толькі першыя крокі

— Цяпер, калі пахаладала, галоўная патрэба — гэта цёплая вопратка і абутак для ўсіх экс-палітзняволеных, — кажа Наста Базар, якая разам з іншымі валанцёркамі ўключылася ў дапамогу з першых дзён вызвалення. 

Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Праваабаронца Наста Базар / Еўрарадыё
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
У штабе
Месяц на волі. Як валанцёркі дапамагаюць экс-палітвязням вяртацца да жыцця
Далучайцеся!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.