Марыя Калеснікава сустрэлася з прэзідэнтам Германіі
Марыя Калеснікава і Франк-Вальтэр Штайнмаер / dpa/picture alliance
15 студзеня прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэўся з экс-палітзняволенай Марыяй Калеснікавай.
Ён прыняў яе ў сваёй рэзідэнцыі ў палацы Бельвю, паведамляе DW. "Выдатна зноў бачыць вас на волі", — сказаў ёй перад журналістамі Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Калеснікава зрабіла запіс у гасцявой кнізе. Раней такі ж запіс у гэтай кнізе пакінула нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч.
Марыя Калеснікава была арыштаваная ў верасні 2020 года. Яе вызвалілі 13 снежня 2025-га разам са 122 іншымі палітвязнямі. Вызваленне адбылося ў выніку перамоваў уладаў ЗША з рэжымам Лукашэнкі.
Большасць вызваленых палітвязняў беларускія ўлады прымусова вывезлі ва Украіну. Адтуль яны змаглі выехаць у краіны Еўрасаюза. Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Германія.