Тэрарызм за каментары. Як украінец правёў два гады ў шклоўскай калоніі
Александр Котович до ареста / Асабісты архіў суразмоўцы
Аляксандр Катовіч не выходзіў на мітынгі і не ствараў падпольных арганізацый — ён проста пісаў непрыемныя для ўлады каментары ў Telegram.
Напісанага аказалася дастаткова, каб атрымаць пяць гадоў беларускай калоніі, трапіць у спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” і правесці два гады, тры месяцы і 14 дзён за кратамі. Еўрарадыё распавядае гісторыю ўкраінца — пра тое, як словы ў інтэрнэце ператвараюцца ў прысуд у сістэме, дзе іншаземец асабліва ўразлівы.
Гэта працяг серыі тэкстаў “У беларускім палоне”, прысвечанай грамадзянам Украіны, якія прайшлі праз пераслед рэжыму Лукашэнкі і былі вызвалены ў лістападзе 2025 года.
“Мне здавалася, што Беларусь — спакойная краіна”
Аляксандр родам з Адэсы. Напрыканцы 2010-х жыццёвы шлях звязаў яго з Беларуссю праз рамантычныя адносіны: у 2017 годзе ён пазнаёміўся ў родным горадзе з беларускай, якая пазней стала яго жонкай. Іх адносіны доўгі час былі дыстанцыйнымі: яна магла знаходзіцца ва Украіне прыкладна паўгода, пасля чаго была вымушана выязджаць, а потым зноў вяртацца. Яны разам ездзілі ў Польшчу, сустракаліся ў Адэсе, у Мінску.
І к пачатку 2019 года Аляксандр усё часцей задумваўся пра змену абстаноўкі. Восенню, пасля чарговага прыезду будучай жонкі ў Адэсу, ён прыняў рашэнне пераехаць у Мінск і паспрабаваць жыць у Беларусі.
Суразмоўца так успамінае той час: “Я вырашыў канчаткова змяніць абстаноўку. Мне здавалася, што Беларусь — спакойная краіна, а калі што, спачатку магла дапамагчы яе мама”.
На той момант у Аляксандра не было асаблівых ілюзій ці рамантызаванага вобраза Беларусі, як у часткі даваеннага ўкраінскага грамадства, якая ўспрымала краіну як астравок стабільнасці з вышэйшымі, чым у сярэднім па Украіне, заробкамі. Але і сур’ёзных забабонаў таксама не было. Ён ужо бываў у краіне раней, жыў каля месяца ў Мінску, ездзіў у Магілёў, Гродна, Брэст, і ў цэлым уражанні пра Беларусь засталіся станоўчыя.
Ён разумеў, што Беларусь палітычна блізкая да Расіі і яе саюзнікаў з аўтарытарнымі замашкамі, але не чакаў таго ўзроўню рэпрэсій, з якім сутыкнецца пазней. У Мінску ён нейкі час шукаў працу, а ў 2021 годзе ўладкаваўся ў IT-кампанію, дзе паспяхова прапрацаваў каля двух з паловай гадоў.
“Гэта барацьба з любым намёкам на нязгоду”
Падзеі 2020 года засталі Аляксандра знянацку. У дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ён знаходзіўся ў Адэсе і не бачыў таго, што адбываецца, на ўласныя вочы. Калі Аляксандр вярнуўся ў Мінск пазней, у жніўні, рэвалюцыйныя падзеі ўжо ішлі поўным ходам. Людзі выходзілі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі, ствараліся дваровыя чаты, горад жыў чаканнем змен.
Але з кожным тыднем людзей станавілася ўсё менш. Аляксандра асабліва ўразіла, што пачалі арыштоўваць за снегавікоў, за сняжынкі на вокнах, за колеры.
“Для мяне гэта быў шок. Гэта нават не барацьба з іншым меркаваннем, гэта барацьба з любым намёкам на нязгоду”, — кажа суразмоўца.
У адрозненне ад Украіны, дзе ён удзельнічаў у Еўрамайдане з 2014 года і прывык да свабоды выказвання думак, у Беларусі ён убачыў сістэму, у якой любое іншадумства жорстка і без тлумачэнняў падаўляецца. Тым не менш у пратэстах ён удзелу не прымаў. Аляксандр хацеў выйсці, як рабіў гэта ў Адэсе, але жонка яго адгаварыла: “Не варта. Потым прыляціць”.
Ён падкрэслівае, што гэта рашэнне, імаверна, уратавала яго ад больш ранняга арышту.
Пераломным момантам стаў 2022 год і пачатак поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Для Аляксандра гэта азначала асабістую драму: яго маці, бабуля, сябры і сваякі знаходзіліся ў Адэсе. Ён атрымліваў паведамленні пра ракетныя ўдары па горадзе, глядзеў відэа разбурэнняў. Асабліва яго ўразіў выпадак, калі ракета ўдарыла па раёне аэрадрома недалёка ад могілак, дзе ў той момант знаходзілася яго маці.
“Маму проста знесла выбуховай хваляй. Помнікі пападалі, зямля была выпалена. Яна даслала мне відэа, і для мяне гэта быў абсалютны шок”.
На гэтым фоне Аляксандр пачаў пісаць эмацыянальныя каментары ў інтэрнэце — у беларускіх чатах і групах, падтрымліваючы Украіну і называючы Расію агрэсарам.
“Я проста выліў усё, што было на душы. Мне стала лягчэй. Я не мог больш маўчаць”.
Тады ён не ведаў, што гэтыя паведамленні стануць падставай для крымінальнага пераследу праз паўтара года.
Да жніўня 2023 года Аляксандр не атрымліваў ніякіх сігналаў, што сілавікі ім цікавяцца. Нават калі выязджаў у Польшчу вясной 2023 года, праверкі на мяжы здаваліся яму стандартнымі. Памежнікі прасілі паказаць тэлефон, запоўніць анкету і ў ёй указаць, што ў яго няма сувязяў з украінскімі спецслужбамі, і адпускалі без тлумачэнняў. Ён лічыў гэта звычайнай практыкай для ўсіх грамадзян Украіны.
“Ілюзій не май. Ты, хутчэй за ўсё, будзеш сядзець”
8 жніўня 2023 года ў 6 гадзін раніцы ў дзверы Аляксандра пагрукалі і сказалі: “Адчыняйце, міліцыя”.
У кватэру ўварвалася група захопу з 8–10 чалавек са страбаскопамі і зброяй. Яго прымусілі выпаўзаць на жываце з пакоя ў калідор з рукамі за галавой.
“Гэта выглядала як нейкі абсурдны фільм. Я фізічна не мог перапаўзці парог пакоя, мяне проста потым пацягнулі”.
Аляксандра закавалі ў кайданкі, ударылі па нагах, паставілі на расцяжку і пачалі вобшук. У той момант яму далі зразумець, што прычынай вобшуку сталі каментары. Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа так і сказаў:
“Ну што ты пісаў пра Адэсу, пра [пажар у] Доме прафсаюзаў?”
(Маецца на ўвазе сутыкненне праўкраінскіх і прарасійскіх актывістаў у горадзе ў маі 2014 года, падчас якога загінула больш за 40 чалавек. — Еўрарадыё)
Аляксандр успамінае сваё здзіўленне: “Я ўвогуле не разумеў, якое гэта мае дачыненне да Беларусі”.
Следчы пазней наўпрост сказаў: “Ілюзій не май. Ты, хутчэй за ўсё, будзеш сядзець. Пытанне толькі — як доўга”.
Пасля арышту Аляксандр трапіў у ІЧУ на Акрэсціна. Там ён правёў трое сутак у камеры плошчай каля чатырох квадратных метраў, дзе знаходзілася 12 чалавек.
“Гэта было пекла. Спаць не давалі, кожныя дзве гадзіны ўключалі святло і праводзілі пераклічкі. Днём дзверы трымалі зачыненымі, ноччу адчынялі насцеж, ствараючы скразнякі. Людзі ляжалі спацелыя на халодным бетоне”.
Умовы ўтрымання ствараліся наўмысна невыноснымі, каб людзі хварэлі. Пасля Акрэсціна яго этапавалі на Валадарку, куды Аляксандр прыехаў ужо з тэмпературай, гаймарытам і цалкам падарваным імунітэтам.
На Валадарцы ён правёў каля шасці месяцаў. У параўнанні з Акрэсціна ўмовы там былі плюс-мінус цярпімыя.
“Не было камер у камерах, можна было сядзець і ляжаць вальней. Аднак стаўленне да палітвязняў заставалася грубым”.
“Камусьці дапамаглі, камусьці не. І ніхто толкам не тлумачыць чаму”. На яго думку, статус атрымалі людзі, якія на тэрыторыі Беларусі супрацоўнічалі з ГУР Украіны. Або проста іх сваякі загадзя паклапаціліся пра атрыманне такога статусу для зняволеных.
Украінскія дзяржаўныя ўстановы не спяшаюцца вырашаць праблемы былых палітвязняў. Сам Аляксандр разлічвае на ўласныя сілы: разам з іншымі вызваленымі ён напісаў заяву на выдачу статусу і цяпер чакае рашэння па сваім пытанні.
Беларускія НДА, такія як BYSOL і «Вольныя», дапамаглі Аляксандру з афармленнем заявак на фінансавую падтрымку, але грошы пакуль яшчэ не паступілі. Украінскія структуры далі базавую дапамогу, але далей шмат што давялося шукаць самастойна.
Цяпер Аляксандр часова жыве ў Кіеве ў знаёмых — да таго часу, пакуль не з’явіцца магчымасць плаціць за арэнду. У яго няма ўнутранага пашпарта, няма наяўных грошай, пацверджана ПТСР, дэпрэсіўныя станы, флэшбэкі. Таксама ён знаходзіцца ў вышуку ТЦК, таму не можа выехаць у Адэсу да сваякоў. “Я два гады жыў на аўтамаце. Цяпер я не разумею, як вырашаць свае пытанні на волі”.
Аляксандру патрэбны фінансавая падтрымка, псіхалагічная рэабілітацыя, а таксама базавыя рэчы, у тым ліку ноўтбук, каб вярнуцца да працы і рассылаць рэзюмэ.
Пра будучыню ён гаворыць асцярожна: “Маё галоўнае жаданне — атрымаць афіцыйны статус, які зніме палову пытанняў і дазволіць спакойна перамяшчацца, паехаць у Адэсу, заняцца аднаўленнем”.
Аляксандр спадзяецца вярнуцца да нармальнага жыцця, аднавіць здароўе і зноў працаваць. Адносіны з жонкай і яе сям’ёй застаюцца няпэўнымі. З цешчай ён падтрымлівае сувязь, а вось паміж ім і жонкай, з якой ён не бачыўся з 2023 года, па яго словах, “нешта надламалася”. Маладыя людзі пакуль не могуць сустрэцца праз вайну і абмежаванні на выезд, а таксама адсутнасць дакументаў для беспраблемнага перамяшчэння.
“Я хачу проста зноў жыць, — кажа Аляксандр. — Не выжываць, не змагацца кожны дзень, а жыць”.
***
Ірына Дзмітрыева (псеўданім) (яе гісторыю мы публікавалі на мінулым тыдні) і Аляксандр Катовіч былі ў групе палітвязняў з грамадзян Украіны, якіх мінулай восенню вызвалілі з турмы і дэпартавалі ва Украіну.
Гэтым людзям патрэбна дапамога, таму BYSOL нядаўна запусціў збор для іх фінансавай падтрымкі. Усяго плануецца сабраць 12 тысяч еўра.