Блогерка-мільёншчыца пасварылася з кампаніяй, звязанай з нявесткай Лукашэнкі
Анджыліша і Мікалай Лукашэнка на "Марафоне адзінства" / сацсеткі Анджылішы
Блогерка Анджыліша (пад гэтым псеўданімам выступае Ангеліна Міхалёва) заявіла, што яе творчасць знікла з музычных пляцовак. Яна абвінаваціла ў гэтым кампанію Flagman Music, з якой супрацоўнічала тры гады. Гэтая кампанія звязаная з Ганнай Сялук — нявесткай Аляксандра Лукашэнкі.
Анджыліша мае вялізную аўдыторыю: у яе YouTube-канала налічваецца 2,8 мільёна падпісчыкаў, у TikTok — 3,8 мільёна. Да нядаўняга часу ёй належаў таксама праект "Анжы", у рамках якога блогерка выпускала песні. Але цяпер гэты праект з ёй не звязаны.
"Лэйбл Flagman Music забраў праект "Анжы". Я стамілася пра гэта маўчаць, і пара ўсё расказаць. Лэйбл Flagman Music, з якім я працавала тры гады, выдаліў усе трэкі "Анжы" з музычных пляцовак", — заявіла блогерка.
Таксама яна паведаміла, што ў рамках праекта "Анжы" выйшаў новы трэк без яе ведама. Анджыліша сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да гэтай песні.
"Вокладка, тэкст і біт былі створаныя з дапамогай нейрасетак — зноў жа без майго ведама. Ніякага творчага працэсу з гэтымі людзьмі ў мяне ўжо даўно няма. Нас звязваюць толькі юрыдычныя моманты, якія ў дадзены момант вырашаюцца. Ніякіх маральных ацэнак Flagman Music я даваць не буду і не хачу. Проста гэта дзеянне, на маю думку, ганьбіць мой гонар і годнасць як артыста", — абурылася яна.
Анджыліша актыўна ўдзельнічала ў праўладных мерапрыемствах. Так, у студзені 2025-га яна была ўдзельніцай "Марафону адзінства" — прапагандысцкай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі. Летась у жніўні яна разам з блогерамі Дзім Дзімычам і Улькай Пулькай выступала ў акупаваным Крыме.
Прычына яе сваркі з кампаніяй Flagman Music невядомая. Раней канфлікт з гэтай кампаніяй адбыўся ў Улькі Пулькі — яшчэ адной блогеркі і калегі Анджылішы.