“Мірныя людзі — на мірныя зборы”. Беларусам прыходзяць павесткі, яны нервуюцца

Беларуская армія

Беларуская армія / Міністэрства абароны РБ

У Беларусі пачалася чарговая праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл. У Гродзенскай вобласці праводзяць зборы ваеннаабавязаных, прызваных з запасу.

Намеснік ваеннага камісара Гродна і Гродзенскага раёна Аляксандр Роўгач кажа, што “ваеннаабавязаныя з разуменнем ставяцца да мерапрыемстваў, якія праводзяцца”. А яшчэ ён лічыць, што яны “матываваныя на выкананне пастаўленых задач”.

Гэта некалькі разыходзіцца з тым, што “ваеннаабавязаныя” пішуць у сацсетцы Threads. Людзі скардзяцца і на тое, як уручаюць павесткі, і на тое, што іх увогуле ўручаюць.

 

“Хто з Гродна? Забралі вашых мужоў?”

З публікацый беларусаў і беларусак у сацсетках вынікае, што на зборы выклікаюць вельмі многіх, і вельмі раптоўна. Часам людзі атрымліваюць павестку з патрабаваннем з’явіцца ў ваенкамат ужо праз гадзіну.

І гэта само па сабе супярэчыць палажэнню аб парадку праходжання ваенных і спецыяльных збораў. Згодна з ім ваеннаабавязаных павінны апавясціць пра зборы не пазней чым за сем дзён да іх пачатку.

Асабліва шмат пра павесткі пішуць у публікацыях жонкі беларусаў, якіх прызвалі на зборы. Вось чым яны дзеляцца:

“Майму ўчора павестка прыйшла ў 8 раніцы, у 6 вечара забралі. Сёння ўжо на палігоне… На месяц, здаецца”.

“Хлопца забралі. Сядзеў з першай гадзіны ў гандлёвым каледжы, цяпер у часці, заўтра адпраўляюць на палігон”.

“Сяджу на валяр’янцы трэці дзень — сёння ў мужа пачынаюцца зборы. Жудасна перажываю. Усе планы ляцяць кату пад хвост. Супакойваю сябе думкай, што гэта яго мініадпачынак”.

“Планы, паездкі, дні нараджэння… Я выходжу на працу ў чатыры змены па 12 гадзін — усё паляцела ў тартарары!”

Ці забіраюць шматдзетных? Мяркуючы па каментарыях жанчын у сацсетках — так, забіраюць.

“А ў нас трое дзяцей, я яшчэ ў дэкрэце: малодшай дачцэ ўсяго 1 год і 3 месяцы, сярэдняму сыну 4 гады, а старэйшай дачцэ 6 гадоў…”

Многія застаюцца спакойнымі і заклікаюць астатніх таксама не нервавацца:

“Божа, што за паніка? Гэта штогадовыя зборы, якія праводзяць у Беларусі для праверкі гатоўнасці арміі. Захоўвайце спакой, дамы”.

“У Беларусі гэтыя зборы праводзяцца дзесяцігоддзямі”.

Можа падацца, што павестку атрымаў ледзь не кожны жыхар Гродна, але гэта, вядома, перабольшанне.

“Сярод знаёмых мужа павестка пакуль прыйшла толькі яму”.

 

Што кажуць мужчыны? “Амаль усім знаёмым прыйшла павестка…”

Адны распавядаюць, што павестку прынеслі проста на працу, іншыя — што прыйшлі дадому, а нехта атрымаў СМС-паведамленне з патрабаваннем з’явіцца ў ваенкамат.

Беларусы абмяркоўваюць, што браць з сабой, і гадаюць, чым будуць займацца. Хтосьці жартуе наконт арміі:

“Зараз чакаем транспарт у пункце збору, нас тут чалавек 100. Трансфер, пражыванне, харчаванне аплачаны. All inclusive, як кажуць”.

“Спачуваю, што з надвор’ем не пашанцавала. У лесе на палігоне ўмовы будуць не вельмі камфортныя”, — пішуць у каментарыях тыя, хто ўжо пабываў на зборах.

Ёсць і тыя, хто просіць “не нагнятаць”.

“З радасцю! І на паўтара месяца. Кожны год у Беларусі праводзяць зборы на пачатку вясны, і мне здаецца, гэта цалкам нармальная і неабходная падзея для ўсіх грамадзян любой краіны”, — гучыць у Threads чыйсьці беспадстаўна радасны голас.

“Каму падабаецца такая фігня, той няхай туды і едзе”, — адказваюць яму.

 

“Беларусы, вам не патрэбна Польшча”.

Пастоў з Гродна ў сацсетках настолькі шмат, што ў каментарыі часам заходзяць украінцы.

“У нас так у Данецку спачатку таксама збіралі, пасля другога-трэцяга разу кідалі без дакументаў штурмаваць Марыупаль”.

“Беларусы, вы, галоўнае, не выконвайце злачынных загадаў. Вам не патрэбна Польшча, нават калі расіяне вельмі папросяць”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.