Беларуска Ганна Гуськова на Алімпіядзе не выйшла ў суперфінал
Ганна Гуськова / НАК Беларусі
На зімовай Алімпіядзе-2026 беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова не выйшла ў суперфінал і засталася без медаля.
У фінале спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы наша суайчынніца заняла восьмае месца. Між тым у суперфінал выйшлі шэсць наймацнейшых спартсменак.
У першых трох спробах Гуськова рабіла скачок з каэфіцыентам складанасці 3,710. У заключным раўндзе яна павялічыла складанасць да 4,028. Суддзі ацанілі гэтую спробу ў 100,29 бала. Тым не менш для выхаду ў суперфінал гэтага аказалася недастаткова.
На Гуськову ўскладалі асноўныя медальныя надзеі сярод беларускіх удзельнікаў Алімпіяды.