Караеў забараніў звальняцца работнікам Скідзельскага агракамбіната

Агракамбінат "Скідзельскі", ілюстрацыйнае фота

Агракамбінат "Скідзельскі", ілюстрацыйнае фота / produkt.by

Юрый Караеў змяніў кіраўніцтва Скідзельскага агракамбіната і забараніў звальняцца яго работнікам. Пра гэта кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама заявіў падчас паездкі ў Скідзель, перадае "Гродна Плюс".

"Я толькі што правёў замену кіраўніцтва агракамбіната "Скідзельскі", прадставіў новага дырэктара і выступіў перад калектывам аб тым, што яны правалілі за некалькі гадоў вытворчасць і фінансава-эканамічную дзейнасць прадпрыемства", — расказаў чыноўнік.

Гендырэктарам агракамбіната "Скідзельскі" цяпер значыцца Сяргей Бычак, раней ім быў Дзмітрый Капко.

Караеў пералічыў праблемы прадпрыемства, якія ён заўважыў:

"Вялікая колькасць кіраўнічага інжынерна-тэхнічнага персаналу, недахоп працоўных рук на свінакомплексах, птушкафабрыках, даўно не праводзілася мадэрнізацыя птушкафабрыкі і свінакомплексаў, патокі закупак, вялікая колькасць лішняй невыкарыстоўванай маёмасці, грэчкі на складах прывялі ў цэлым /.../ да эканамічнага і фінансавага становішча неплацежаздольнасці агракамбіната".

Ён плануе "паспрабаваць адрадзіць адзін з самых велізарных актываў вобласці" пасля замены кіраўніцтва.

Гаворачы пра дэфіцыт працоўных кадраў на прадпрыемстве, Караеў дадаў, што "забараніў звальняцца каму-небудзь з агракамбіната". Ён раскрытыкаваў вялікі апарат і недахоп рабочых: "Ну што ж, вазьміце і зменіце белыя каўнерыкі на рукавіцы і на працоўную куртку. І папрацуйце, і ўсе разам адрадзіце гэтае прадпрыемства".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.