Дзевяць індыйскіх мігрантаў просяць выратаваць іх з Беларусі

Індыйскія мігранты не могуць пакінуць Беларусь, ілюстрацыйнае фота

Індыйскія мігранты не могуць пакінуць Беларусь, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Сем'і дзевяці індыйскіх мігрантаў просяць выратаваць іх з Беларусі. Мужчыны не могуць пакінуць нашу краіну, бо не маюць грошай.

Як піша выданне The Hindu, у панядзелак сем'і чатырох мужчын, якія затрымаліся ў Беларусі амаль на два месяцы, падалі петыцыі з просьбай аб іх выратаванні. Індыйцы завербаваліся на працу праз агенцтва па падборы персаналу.

Жонка Тангасвамі, аднаго з іх, кажа, што муж паехаў у Беларусь у снежні 2025-га. За два месяцы перабывання ў краіне яму не забяспечылі ні працу, ні належнае жыллё, ні харчаванне, гаворыцца ў петыцыі. Таму сям'я заклікае ўлады неадкладна прыняць меры для яго выратавання і вяртання грошай, выплачаных агенцтву.

Журналісты выдання звязаліся з самім Тангасвамі. Ён расказаў, што спачатку агенцтва абяцала знайсці працу ў Ізраілі. Пасля атрымання грошай агенцтва перастала адказваць, але потым урэшце адправіла яго на разгрузачныя работы ў Беларусь.

Мужчына паведаміў, што ў Беларусі затрымаліся прынамсі дзевяць грамадзян Індыі, завербаваныя праз адно і тое ж агенцтва. Паводле Тангасвамі, агенцтва не рэагуе на іх запыты, а самі яны моцна цярпяць у незнаёмай краіне праз моцны снегапад. Ён заклікае ўрад прыняць меры і выратаваць іх з Беларусі.

Гісторыі з мігрантамі, якія не могуць пакінуць Беларусь, гучаць апошнім часам усё часцей. Нядаўна паведамлялася пра грамадзянку Індыі, якая расказвала, што трапіла ў нашай краіне ў такую ж пастку, прыехаўшы на працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.