Адносіны паміж БелЧыгункай і расійскай у крызісу — Супольнасць чыгуначнікаў

Беларуская чыгунка губляе пазіцыі на расійскім рынку

Беларуская чыгунка губляе пазіцыі на расійскім рынку / LookByMedia

Паводзіны Расіі ў дачыненні да Беларускай чыгункі прыводзяць да істотных фінансавых страт: фактычна беларускіх перавозчыкаў выцясняюць з транспартнага рынку Расіі. Да такой высновы прыйшла "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі", азнаёміўшыся з унутранымі матэрыяламі нарады, што адбылася 22 студзеня 2026 года пад эгідай Міністэрства транспарту.

Асноўны ўдар прыйшоўся па грузавых вагонах. У 2025 годзе Расія ўвяла забарону на падачу пад пагрузку парожніх вагонаў іншых краін на сваёй чыгуначнай сетцы. Гэта рашэнне фактычна выціснула беларускія вагоны з рынку: доля экспартных перавозак у парку БелЧыгункі за год скарацілася з 43% да 34%.

Адначасова доля перавозак у "ўласных" вагонах вырасла да 66%, і львіная частка гэтага росту прыйшлася на расійскіх уладальнікаў. Доля вагонаў РЖД у экспартных перавозках павялічылася з 33% да 39%, у той час як выкарыстанне парку БелЧыгункі скарацілася амаль на траціну. Для беларускіх аператараў гэта азначае прастой вагонаў або працу па тарыфах, якія знаходзяцца "на мяжы эканамічнага сэнсу".

Нарастаюць і праблемы з кітайскім транзітам. Цягнікі з Кітая, што ідуць праз Беларусь, усё часцей затрымліваюцца на мяжы Кітая і Казахстана на дні і нават тыдні з-за праверак на адпаведнасць расійскім нормам.

Отношения БелЖД и РЖД переживают глубокий кризис — Сообщество железнодорожников

Частку маршрутаў увогуле закрылі, кантэйнеры вярнулі назад, а грузаадпраўнікі пераарыентаваліся на альтэрнатыўныя шляхі — найперш праз Каспійскі рэгіён.

Павялічваецца колькасць прэтэнзій з боку расійскіх мытных органаў да беларускіх аператараў. Дзяржаўнае прадпрыемства "Белінтэртранс" рэгулярна становіцца адказчыкам у справах аб "недакладных" звестках пра грузы, хаця фізічна адкрываць апламбаваныя кантэйнеры без спецыяльных распараджэнняў яно не мае права. Фармальна ўсе краіны ўваходзяць у ЕАЭС, аднак на практыцы нормы прымяняюцца неаднолькава.

Сітуацыю пагаршае і падатковы дысбаланс. У Расіі і Казахстане ўжо шмат гадоў дзейнічае нулявая стаўка ПДВ на паслугі па прадастаўленні рухомага саставу ў міжнародных перавозках.

Беларусь увесь гэты час захоўвала больш высокую падатковую нагрузку і пачала абмяркоўваць абнуленне ПДВ толькі тады, калі рынак ужо быў дэфармаваны, а расійскія аператары занялі ключавыя пазіцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.