У Беларусі каля 80% кошту цеплавой энергіі насельніцтву пакрываюць субсідыямі

Прадстаўлены аналітычны даклад "Устойлівасць энергетычных сістэм Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў"

Прадстаўлены аналітычны даклад "Устойлівасць энергетычных сістэм Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў" / LookByMedia

Калі ўлады Беларусі спыняць субсідзіраванне цеплазабеспячэння насельніцтва, гэта можа прывесці да рэзкага росту плацяжоў за ацяпленне. Такая выснова зроблена ў аналітычным дакладзе Альянса "Зялёная Беларусь", прысвечаным устойлівасці энергетычных сістэм да знешніх і ўнутраных шокаў.

У дакладзе адзначаецца, што ў чэрвені 2025 года тарыф на цеплавую энергію для насельніцтва складаў 27,23 рубля за гігакалорыю, у той час як эканамічна абгрунтаваны тарыф дасягаў 134,94 рубля за Гкал. Такім чынам, каля 80% ад рэальнага кошту цеплавой энергіі пакрываецца за кошт бюджэтных субсідый.

Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што скарачэнне або поўнае спыненне такой падтрымкі стане моцным шокам для ўсёй сістэмы цеплазабеспячэння. Асабліва моцна гэта закране рэгіёны Беларусі, у якіх кацельні амаль цалкам працуюць на патрэбы насельніцтва, а страты кампенсуюцца з мясцовых бюджэтаў.

Паводле наяўных звестак, у 2020 годзе насельніцтва спажыло 23 121 тысячу Гкал цеплавой энергіі, а кацельні ў краіне ў цэлым забяспечылі каля 37% агульнай вытворчасці цяпла. Агульны аб’ём субсідый пры такіх паказчыках ацэньваецца прыкладна ў 305 млн долараў ЗША штогод.
 

Што прапануюць эксперты

Эксперты рэкамендуюць у выпадку скарачэння субсідый уводзіць дзве групы мер: павышэнне эфектыўнасці спажывання цеплавой энергіі (уцяпленне жылога фонду, мадэрнізацыя абсталявання) і прамыя кампенсацыі росту выдаткаў на ацяпленне для грамадзян.

Аўтары дакладу папярэджваюць, што любыя рэформы ў сферы цеплавых тарыфаў без загадзя падрыхтаванай сістэмы сацыяльнай падтрымкі могуць прывесці да крызісу цеплазабеспячэння і ўзмацнення сацыяльнай напружанасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.