Польскі банк распавёў, ці прыме “дакумент падружы” замест ВНЖ
Банк PKO в Польше / Shutterstock
Спасылаючыся на новыя еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да расіян і беларусаў, у PKO Bank Polski запатрабавалі ад кліентаў да 11 снежня падаць у аддзяленне банка актуальны від на жыхарства. Гэта тычыцца не ўсіх кліентаў, а толькі тых, хто адкрываў рахунак пасля 24 кастрычніка 2025 года.
А ў чым праблема?
Многія беларусы легалізаваныя ў Польшчы праз працоўныя віды на жыхарства. А працэс атрымання гэтага дакумента цяпер можа доўжыцца больш за год! У банку патлумачылі, якія іншыя дакументы могуць прыняць ад кліентаў, калі актуальнага ВНЖ на руках яшчэ няма.
На пытанні Еўрарадыё адказаў эксперт PKO Bank Polski Каміль Пехоўскі.
Якія дакументы можна прынесці ў банк, каб пацвердзіць легальнасць знаходжання ў Польшчы?
Пералік вельмі кароткі. Банк цікавяць толькі дзейныя карты часовага або пастаяннага пражывання, пасведчанне асобы або пашпарт адной з краін ЕС (або швейцарскі). Калі гэтых дакументаў у вас пакуль няма, а рахунак вы адкрывалі ў лістападзе ці снежні 2025 года, то могуць узнікнуць праблемы.
Якія праблемы?
Калі вы адкрылі рахунак у мінулым месяцы і ўсё яшчэ чакаеце ВНЖ, то здымаць грошы зможаце толькі праз аддзяленні банка. Аплачваць пакупкі анлайн і карыстацца BLIK не зможаце, пакуль ужонд не выдасць вам актуальны від на жыхарства. Здзяйсняць транзакцыі, патэлефанаваўшы ў кантакт-цэнтр банка, таксама не атрымаецца.
"Усе паслугі будуць адноўленыя пры прад'яўленні дзейнага дазволу на жыхарства", — абяцаюць у банку.
Але рахунак не заблакуюць?
Не, не заблакуюць, і вашы грошы застануцца цэлыя. Вы зможаце зняць іх у аддзяленні банка, паказаўшы дзейны дакумент. Напрыклад, пашпарт.
Але ў мяне больш няма пашпарта! А dokument podróży падыдзе?
Не. PKO Bank Polski не прыме праязны дакумент замежніка (Dokument podróży dla cudzoziemca) у якасці пацверджання легальнага знаходжання ў Польшчы. І гэта можа стварыць праблемы для тых беларусаў, якія ВНЖ яшчэ не атрымалі, а пашпарт ужо страцілі. Каб атрымаць доступ да рахунку, давядзецца чакаць, калі ўжонд нарэшце выдасць вам "карту побыту".
"Мы абавязаныя правяраць наяўнасць віду на жыхарства (або грамадзянства) у ЕС / ЕЭЗ / Швейцарыі. Рэгламент не прадугледжвае ніякіх іншых дакументаў, акрамя пералічаных у папярэднім пытанні", — гаворыцца ў адказе банка для Еўрарадыё.
А калі я адкрываў рахунак і рабіў карту да 24 кастрычніка 2025 года?
Усё ў парадку, карыстайцеся картай і далей.
"Кліенты, якія адкрылі банкаўскі рахунак, прымацаваную да рахунку карту або атрымалі доступ да электроннага банкінгу да 24 кастрычніка 2025 года, працягнуць карыстацца паслугамі банка без якіх-кольвек змяненняў", — абяцаюць у банку.