У ААН сказалі, колькі беларусаў жыве па-за межамі краіны

Кожны адзінаццаты беларус пакінуў радзіму

Кожны адзінаццаты беларус пакінуў радзіму / pexels.com

Паводле ацэнак ААН, у 2024 годзе колькасць беларускіх эмігрантаў складала каля 790,2 тысячы чалавек, або 8,7% ад агульнага насельніцтва. Па колькасці грамадзян, якія жывуць за мяжой, Беларусь займае 73-е месца ў сусветным рэйтынгу, заўважыў сайт ThinkTanks.pro.

З нашых суседзяў найвышэй у гэтым рэйтынгу размяшчаецца Украіна — у яе чацвёртае месца па колькасці мігрантаў. Па-за межамі краіны пражываюць каля 9,8 млн грамадзян, ці 25,8% насельніцтва. На пятым месцы аказалася Расія: мігранты з яе складаюць 9,1 млн чалавек, або 6,3% насельніцтва.

Польшча займае 15-е месца: з яе эмігравала 4,6 млн чалавек, або 11,9% насельніцтва. Літва аказалася на 105-м месцы: за яе межамі пражываюць 459,3 тыс. літоўцаў, або 16,1% насельніцтва. На 33-м месцы размяшчаецца Латвія, адкуль выехала 161 тыс. грамадзян, або 8,6% насельніцтва.

Тройку лідараў па колькасці мігрантаў складаюць Індыя (18,5 млн), Кітай (11,7 млн) і Мексіка (11,6 млн).

Вялікая колькасць беларусаў вымушана пакінула краіну пасля 2020 года. Дакладнай статыстыкі іх колькасці няма. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў казаў, што з Беларусі выехала 350 тысяч чалавек. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй сацыёлаг Генадзь Коршунаў на пачатку 20224-га ацэньваў колькасць новых мігрантаў прыкладна ў 500-600 тысяч чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.