259 млн рублёў запазычанасці. Суд прызнаў "Белвест" эканамічна неплацежаздольным
"Белвест" / "Белвест"
Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў вытворцу абутку "Белвест" эканамічна неплацежаздольным. Рашэнне было прынята 15 студзеня. Замест банкруцтва ў дачыненні да кампаніі ўведзена санацыя тэрмінам на 36 месяцаў.
Працэдура санацыі прадугледжвае спробу аднавіць плацежаздольнасць прадпрыемства, наладзіць працу і паступова разлічыцца з крэдыторамі. Конкурснае вядзенне па справе аб неплацежаздольнасці доўжылася з канца верасня 2025 года.
Праблемы ў кампаніі з’явіліся ў першай палове 2025 года. За сем месяцаў рызыка банкруцтва вырасла з высокага да крытычнага ўзроўню. Асноўнай прычынай стаў рост пратэрмінаванай запазычанасці перад крэдыторамі. Спробы дамовіцца з банкамі аб пераглядзе тэрмінаў выплаты працэнтаў поспехам не ўвянчаліся.
Улетку 2025 года на прадпрыемстве быў прызначаны знешні кіраўнік, пры гэтым дзейны менеджмент захаваў свае пазіцыі. За гэты час кампаніі ўдалося пагасіць запазычанасць па падатках і ўзносах у ФСАН, а таксама стабілізаваць бягучыя выплаты, у першую чаргу — зарабкі супрацоўнікам. Аднак пазыкі працягвалі перашкаджаць нармальнай працы.
У верасні 2025 года "Белвест" сам звярнуўся ў суд з заявай аб неплацежаздольнасці. Сярод прычын называліся зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці, рост складскіх запасаў і павялічэнне даўгавой нагрузкі. Агульная сума абавязацельстваў на той момант дасягнула 259 млн рублёў, абслугоўваць іх кампанія ўжо не магла.