Польшчу пазбавілі права правесці чэмпіянат Еўропы — за візы беларусам і расіянам
Цяжкая атлетыка, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Польшча засталася без двух буйных міжнародных турніраў па цяжкай атлетыцы. Сёлета ў краіне мусілі адбыцца чэмпіянаты Еўропы сярод юніёраў і цяжкаатлетаў да 23 гадоў. Аднак Еўрапейская федэрацыя цяжкай атлетыкі (EWF) адклікала дазвол на правядзенне гэтых спаборніцтваў у Польшчы.
"Гэтае рашэнне было прынята пасля таго, як краіна не забяспечыла неабходныя гарантыі візавага доступу для спартоўцаў з Расіі і Беларусі", — гаворыцца ў афіцыйным тлумачэнні, якое цытуе Польскае радыё.
У федэрацыі заявілі аб прыхільнасці прынцыпу, што "спорт павінен заставацца вышэй за палітыку".
"Федэрацыя выступае за інклюзіўнасць, роўныя магчымасці і адзінства праз спорт і не прымае дыскрымінацыі паводле палітычных ці геапалітычных меркаванняў, асабліва ў часы ўзмацнення напружанасці ва ўсім свеце", — заявілі ў EWF.
Спаборніцтвы перанеслі ў Албанію.
Дарэчы, аналагічная сітуацыя ўжо была ў 2024 годзе. Тады Польшча таксама адмовілася выдаць візы спартоўцам з Беларусі і Расіі. У выніку краіну пазбавілі магчымасці правесці чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў да 15 і 17 гадоў. Тады чэмпіянат перанеслі ў Іспанію.