Беларусь ХХІ: Палітычныя прадзюсарскія цэнтры. Піша Севярын Квяткоўскі
У замежжы “беларуская палітыка” — гэта пра што? / LookByMedia
Напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў беларускай ютуб-прасторы адбылася знакавая дыскусія між нядаўнімі палітзняволенымі і даўнімі палітычнымі актывістамі — анархістам Міколам Дзядком і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам. Пры чым тут вайна супраць Украіны?
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Belarus 2020.
З маіх назіранняў, для сярэднестатыстычнага чалавека “анархізм” — гэта хаос, а метадолагі — чараўнікі-шаманы. На гэтым бы можна было і скончыць тэкст, бо кожнаму не патлумачыш, што анархізм — гэта пра гарызантальнае ўладкаванне грамадскага жыцця, а метадолагі — гэта калектыўныя аналітыкі.
Але я працягну, бо і Міколу, і Уладзіміра яднае свежы погляд на беларускія працэсы ў замежжы. Абодва адседзелі “за палітыку”.
Уладзімір Мацкевіч бачыць тры палітычныя цэнтры беларусаў: Офіс Ціханоўскай, Пераходны Кабінет Латушкі і Каардынацыйную Раду. Дыскусія цікавая тым, што Мікола Дзядок дадае ў якасці менавіта палітычных арганізмаў Кіберпартызанаў і Полк Каліноўскага.
І тут у падыходах да варыянтаў магчымай будучыні пачынаецца водападзел. Спадар Мацкевіч кажа, маўляў, ваенізаваныя групы патрэбныя, хай сабе развіваюцца, можа быць, пазней далучацца да цэнтраў. То-бок ён іх не разглядае як самастойных актараў. А Каардынацыйную Раду, наадварот — як самадастатковы палітычны праект, протапарламент, штосьці, чым можна будзе замяніць лука-ўлады.
Адразу пытанне: замяніць новымі структурамі старыя пасля чаго?
Розніца бачная ў падыходах у стаўленні да развіцця вайны.
Частка людзей, у тым ліку тых, хто ставіць на Полк Каліноўскага і Кіберпартызанаў (дэ-факта войска і спецслужбу будучай незалежнай Беларусі), упэўненая, што Беларусь будзе ўцягнута ў вайну. Ці то супраць Украіны, ці то супраць краін Еўразвяза.
Гэта значыць, што рэжым Лукашэнкі і падкантрольная яму тэрыторыя Рэспублікі Беларусь стануцца законнымі цэлямі для баявых дзеянняў ці з боку Украіны, ці з боку краін Еўразвяза.
Усе тры варыянты маюць права на існаванне. Проста не трэба ўсё змешваць у кучу. Каб было зразумела.
Хоць не, ёсць версія ўсё заблытаць. Яна выгадная тым, хто “адстаў ад цягніка”. Я іх называю “палітычныя бадзягі”. Ім крытычна выгаднае перманентнае мачылава Святланы Ціханоўскай. Ім трэба выбіць самы галоўны козыр, каб ва ўтвораным хаосе папытаць шанцунку — а раптам іх запрыкмецяць і далучаць да працэсаў фінансавай падтрымкі?
Ва ўсім вышэй сказаным ёсць адно але: хто патлумачыць як беларусам замежжа, так і лідарам меркаванняў у Еўропе, што беларусы патрэбныя як палітычная і — шырэй — цывілізацыйная сіла?
Па вялікім рахунку Офіс Святланы Ціханоўскай — гэта палітычны прадзюсарскі цэнтр. Святлана Ціханоўская — сімвал, якому замены няма. Але калі разглядаць Офіс як самастойную структуру, то незалежна ад удзелу ці няўдзелу Святланы арганізацыя застанецца з усімі сваімі напрацаванымі магчымасцямі.
Офіс на сёння прадзюсіруе незалежных беларусаў як ідэю і як супольнасць у шырокім замежжы.
Па аналогіі можна сказаць, што Кабінет Паўла Латушкі — гэта таксама прадзюсарскі цэнтр: сувязны між беларусамі-эмігрантамі і польскімі ўладамі. З улікам таго, што беларусы з 2020 года хутка масава пачнуць атрымліваць польскія пашпарты, а беларусы ў Польшчы заканадаўча маюць культурную аўтаномію, прадзюсарскі цэнтр можа лёгка ператварыцца ў дыпламатычна-палітычны.
І тут пытанне зноў пра водападзел: вайна ці млявы мір? Калі вайна, польскім уладам выгадна мець вялікую групу лаяльных беларусаў, гатовых паўдзельнічаць у барацьбе за вызваленне Беларусі. Што аўтаматычна ёсць дзейнасцю на абарону Польшчы.
Офіс — шырокі свет, Кабінет — Польшча, Полк Каліноўскага — “украінскі фронт”, “Кіберпартызаны” — сілавы варыянт хоць адкуль, на тое яны і “кібер”, застаецца Каардынацыйная Рада.
Палітыка — гэта не толькі шахматная гульня, то-бок матэматычны разлік. Гэта чалавечы фактар, гэта эмоцыі, з якімі трэба працаваць. На эмоцыі ўплываюць ідэі і форма падачы ідэй.
Ідэі — самае слабае звяно ва ўсіх вышэй пералічаных ініцыятывах. То-бок унутры груп ідэі цыркулююць, але правільна іх запакаваць і выкласці на публіку замінаюць не толькі вонкавыя абставіны — у эміграцыі мы мусім улічваць інтарэсы краіны базіравання. А яшчэ замінае традыцыйнае для беларускага грамадска-палітычнага поля слабае звяно — публічная камунікацыя.
Да таролагаў звярнуцца — гэта нармальна, а да PR-шчыка — непрыстойна (сарказм).