Беларусь ХХІ: На сыход Мікіты Мелказёрава. Піша Севярын Квяткоўскі
Мікіта Мелказёраў / Белсат
Нас пакінуў Асветнік. Такое старамоднае і троху пафаснае слова. Журналіст, блогер — гэта ўсё пра форму. Сутнасць — у нясенні святла, асвятленні, асветніцтве. Мікіта Мелказёраў у 2020 годзе перажыў штосьці, звязанае са словам "святло", і пранёс сваё ўнутранае адкрыццё, сваё прасвятленне да людзей.
Піша пісьменнік, кіраўнік Фундацыі "Belarus 2020" Севярын Квяткоўскі.
З Мікітам Мелказёравым здарылася Беларушчына. У 1980-я людзі, якія адкрылі ў сабе Беларушчыну, назвалі сваё сяброўскае кола словам "адраджэнцы".
У беларускіх "адраджэнцаў" не было прэтэнзій да іншых этнічных супольнасцяў. Абсалютная большасць сустрэчаў носьбітаў беларускай нацыянальнай самасвядомасці сканчаліся развагамі па тэме "як зрабіць лепей". Як пашырыць святло ведаў у змрачнаватай пустэльні — адсутнасці гістарычнай памяці.
У сваіх пошуках Беларушчыны Мікіта не дабраўся да 1980-х, але рушыў у тым кірунку – да вытокаў сучаснай Беларушчыны. Яго відэапраект "Жыццё маліна", які пачынаўся як забаўляльнае ток-шоў з вядомымі ў сваіх сферах людзьмі, паступова перайшоў у стан пазнавальна-асветніцкага.
Народжаны ў Расеі, у Хабараўску, у расейскай сям’і, Мікіта Мелказёраў перабраўся з часам да сваіх сваякоў па маці ў Беларусь. І тут стаўся Беларусам з вялікай літары.
Беларушчына лекуе. Беларушчына — гэта шлях. Беларушчына — гэта набор лепшых якасцяў чалавека. Беларушчына не адбірае, яна дае.
Як Асветнік, Мікіта паўстаў у час, калі выглядала, што Беларусь паглынула татальная цемра.
Што мы можам рабіць у медыяполі, каб гэтае штосьці прымушала глядзець і слухаць? Некаторыя беларусы настолькі траўмаваныя рэпрэсіямі, што наагул пазбягаюць навінаў. А іншыя дык толькі цікавяцца, ці з’явілася тая самая адзіная навіна пра знікненне персанажа, які ўвасабляе сабою татальную цемру.
Знутры краіны шлях гісторыка-краязнаўчых праектаў таксама застаецца самым бяспечным. Звонку – ёсць магчымасць, патрэбнае жаданне, а да яго разуменне. У Мікіты было і тое, і другое.
Праз Беларушчыну Мікіта Мелказёраў вымаў на публіку са сваіх суразмоўцаў іх лепшае: каб дапамагаць гледачам перажываць часы разгубленасці і паняверкі.
Як можна ўшанаваць памяць чалавека-зоркі, які прайшоў праз беларускі небасхіл ярка, як знічка?
Падтрымліваць асветніцкую дзейнасць у полі Беларушчыны. Усе праекты, якія раскрываюць беларусам гісторыю і сучаснасць пашырэння святла ў жыцці. Распавядаць, што мы — нацыя Асветніцтва. Што кожная новая генерацыя беларусаў нараджае сваіх Скарынаў.
Я ўпэўнены, што ў беларуска-арыентаваных колах важна, каб было меней спрэчак "чый кумір лепшы". Калі натура чалавека патрабуе дыскусіі, то хай па тэме "які асветнік зрабіў болей".
Мяркую, 2020 год паказаў, што мы ўжо знайшлі сваё беларускае "золата" — гэта беларускія людзі. Гэта наш унікальны досвед самаарганізацыі без правадыроў. Досвед паўстання новых ініцыятываў на тэме чыстага дабра.
Імя Мікіты Мелказёрава — яскравы прыклад перамогі святла ўнутры адной асобы. З тым, каб свяціць іншым.