Беларускі маёр Генадзь Шчэрбань вызвалены пасля амаль чатырох гадоў палону
Генадзь Шчэрбань у коле сям’і / Архіў
Падчас абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй 5 лютага быў вызвалены беларускі вайсковец Генадзь Шчэрбань, які правёў у расійскім палоне амаль чатыры гады. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла яго дачка Натальля Пятровіч. Генадзю Шчэрбаню 57 гадоў, ён этнічны ўкраінец і мае грамадзянства Беларусі, а ва Украіне — пастаянны дазвол на жыхарства. На пенсію ён выйшаў у 2000 годзе ў званні маёра, а ў 2017 годзе разам з жонкай пераехаў жыць у Гастомель пад Кіевам.
Шчэрбань апынуўся ў палоне пасля таго, як 16 сакавіка 2022 года застаўся ў Гастомелі даглядаць хворую суседку, калі прыгарад Кіева ўжо быў акупаваны расійскімі войскамі. Апошні раз ён выходзіў на сувязь у той жа дзень, а пазней вызваленыя ўкраінцы паведамілі родным пра яго палон. У 2023 годзе яго дачка спрабавала праз Беларусь дамагчыся вяртання бацькі, але доўгачаканае вызваленне адбылося толькі падчас лютаўскага абмену.