Гісторыя ўкраінца: як КДБ выбіваў з яго прызнанні ў “тэрарызме”

Сілавік у форме КДБ на фоне аднаго з беларускіх прадпрыемстваў

Сілавік у форме КДБ на фоне аднаго з беларускіх прадпрыемстваў / Сетевое издание "Хакасия Информ"

На мінулым тыдні мы распавялі гісторыю ўкраінкі Алены (імя зменена), якую разам з мужам летам 2025 года пасля пераезду ў Беларусь арыштавалі і катавалі супрацоўнікі КДБ. 

З Еўрарадыё вырашыў паразмаўляць яе муж Антон (імя зменена), каб расказаць у падрабязнасцях пра свае катаванні перад дэпартацыяй з Беларусі ва Украіну 13 снежня, разам са 123 беларускімі і замежнымі палітзняволенымі. 

Еўрарадыё папярэджвае: тэкст змяшчае падрабязныя апісанні гвалту.

Гэта працяг серыі тэкстаў “У беларускім палоне”, прысвечанай грамадзянам Украіны, якія прайшлі праз пераслед рэжыму Лукашэнкі і былі вызвалены 22 лістапада 2025 года.

 

“Мы ўсё ведаем. Ты шпіён, дыверсант, тэрарыст, экстрэміст, агент”

— Па прафесіі я былы супрацоўнік МУС Украіны, служыў у спецыяльным падраздзяленні МУС. У мяне юрыдычная адукацыя, я таксама працаваў у судзе. Мы з жонкай Аленай пераехалі ў Беларусь, і ўжо тады — цяпер я гэта разумею — для беларускіх спецслужбаў мы былі “цікавымі людзьмі”.

История украинца: как КГБ выбивал из него признания в “терроризме”
Панарамнае фота Асіповічаў / Planeta Belarus

Калі мы запаўнялі анкеты на ўезд у траўні 2025 года, у мяне была новая службовая кніжка, выдадзеная аддзелам кадраў, і на гэта начальніца аддзела па грамадзянстве і міграцыі гарадскога аддзела міліцыі (АГіМ) МУС звярнула асаблівую, пільную ўвагу. Акрамя таго, іх насцярожыла, што мы, людзі з юрыдычнай адукацыяй, пайшлі працаваць у калгас: жонка — на ферму, я — даглядчыкам жывёлы. Мы не баяліся працы, “кароны на галаве ў нас не было”, але менавіта гэта, як я цяпер разумею, і выклікала ў іх жаданне нас праверыць.

У дзясятых чыслах чэрвеня раніцай па тэлефоне намеснік начальніка АГіМ МУС запрасіў нас з жонкай з’явіцца а 14:30 з пашпартамі ў іх падраздзяленне ў Бабруйску для таго, “каб атрымаць на рукі дакументы і распісацца ў іх атрыманні”. Там нас затрымалі ўзброеныя людзі. Мяне адразу адвялі асобна, у падвал, і затрыманне адбывалася ў жорсткай форме. Адразу надзелі кайданкі за спінай — такім спосабам, што я, як былы супрацоўнік, разумеў: так зацягваць нельга. На правай руцэ праз некалькі гадзін яны не змаглі расшпіліць кайданок і проста яго зламалі.

Мяне дапытвалі, я стаяў на каленях, “нага за нагу, рукі за спінай”. У памяшканні былі двое людзей у балаклавах, са зброяй, і яшчэ двое ў форме. Адзін з іх сказаў, што яны з галоўнага ўпраўлення КДБ Мінска і прыехалі спецыяльна па мяне.

Падчас допыту мяне білі па галаве ззаду, білі па вушах дзвюма рукамі, я падаў, мяне падымалі  — і ўсё гэта суправаджалася крыкамі: “Мы ўсё ведаем. Ты шпіён, дыверсант, тэрарыст, экстрэміст, агент”.

Позна ўвечары мяне павялі на паліграф. Мне выстаўлялі абвінавачванні ў супрацоўніцтве з усімі магчымымі спецслужбамі: знешняй разведкай, вайсковай разведкай, спецслужбамі Латвіі і Швейцарыі. Я ўсё адмаўляў і пытаўся: “А дзе ў вас прэзумпцыя невінаватасці?” Мне адказвалі: “Прэзумпцыя працуе, калі няма фактаў, а ў нас яны ёсць”. Я пытаўся: “Якія факты? Хоць адзін”. У адказ гучаў абсурд: “Мы сачылі за табой, калі ты быў у Мінску”. Я казаў, што калі б гэта было праўдай, мяне б тут не было.

 

“Ёй дадуць таблетку аспірыну і прывязуць назад паміраць”

— Потым пачаўся шантаж праз сям’ю. Я прасіў: “Адпусціце жонку, сёння ўвечары ў Мінску на чыгуначным вакзале мы павінны сустрэць сына — дзіця маці пяць з паловай гадоў не бачыла”. Адзін з супрацоўнікаў выйшаў, потым вярнуўся і сказаў: “Сына тваёй жонкі знялі з цягніка. Мы звязаліся з ФСБ у Маскве, яго затрымалі ў Бранску, ён у ІЧУ. У цябе ёсць выбар: або мы саджаем вас усіх траіх, або ты прызнаешся”.

История украинца: как КГБ выбивал из него признания в “терроризме”
Аўтобус з беларускімі і ўкраінскімі палітзняволенымі, 13 снежня 2025 года / @hochuzhit_com/X

Мне казалі, што дзіця прымусяць падпісаць прызнанне, нібыта ён вёз флэшкі з каардынатамі расійскіх войскаў. Я не мог у гэта паверыць. Я прасіў звязацца з консулам, пасольствам, адвакатам — у адказ яны смяяліся, а старшы сказаў: “Я табе слова даю: пакуль ты будзеш сядзець, ты не ўбачыш ні консула, ні пасла, ні адваката”. І яны стрымалі гэтае слова.

Пазней высветлілася, што ФСБ увогуле ні пры чым і ніхто дзіця не затрымліваў, але тады я гэтага не ведаў. Мне казалі, што жонка ўсё пра мяне распавяла, потым сцвярджалі адваротнае, пасля зноў пагражалі, што пасадзяць яе.

Раніцай 13 чэрвеня мяне змясцілі ў ІЧУ. Там пачалася “карусель” без сну: кожныя дзве гадзіны — пад’ём, праверка, прыніжальная працэдура: трэба было нахіліцца, назваць прозвішча, прасунуць рукі для кайданкоў, распрануцца дагала для вобшуку. За ноч гэта адбывалася па тры разы, удзень — допыты. Я маўчаў і нічога не прызнаваў.

Пазней мяне перавезлі ў абласны цэнтр, ва ўпраўленне КДБ на вуліцы Ленінскай, 79. Там мне проста сказалі, што “ты ўжо нікуды не дзенешся”, і прапанавалі “здаць усіх”: назваць рэзідэнтаў, яўкі, прозвішчы — каб мяне “абмянялі на беларускага разведчыка”. Я адказаў: “Вы што, з вас жа смяяцца будуць, я нікому не патрэбны”.

Пасля гэтага пачаліся катаванні. Мне надзявалі мяшок на галаву і зацягвалі так, што немагчыма было дыхаць. Я рэальна задыхаўся. Білі па траўміраваным пальцы левай рукі, на месцы старой ампутацыі, і ад болю я проста абмачыўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.