Ціханоўскі заклікаў ЗША мудра выкарыстоўваць наяўны рычаг ціску на Лукашэнку

Сяргей Ціханоўскі на слуханнях Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША

Сяргей Ціханоўскі на слуханнях Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША / Tom Lantos Human Rights Commission

Для вызвалення палітвязняў, якіх трымае ў закладніках рэжым Лукашэнкі, цяпер існуюць толькі тры рэальныя шляхі. Пра гэта заявіў Сяргей Ціханоўскі 3 лютага на слуханнях па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША.

Ён пералічыў гэтыя шляхі: "Замежная вайсковая інтэрвенцыя, вываз іх за мяжу ў абмен на што-небудзь ці прымусовая дыпламатыя, якую праводзіць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп". Сам экс-палітвязень дадаў, што падтрымлівае трэці варыянт. На яго думку, Трамп вельмі патрэбны Лукашэнку, што дае амерыканскай адміністрацыі "велізарны рычаг ціску" на беларускага дыктатара. Гэты рычаг Ціханоўскі заклікаў выкарыстоўваць мудра, перадае "Позірк".

Ён згадаў, што афіцыйны Мінск актыўна спрабуе прыцягнуць амерыканскі бізнес да беларускіх нацыянальных авіяліній, у калійную галіну і атамную энергетыку, а таксама — стаць пасярэднікам у стасунках паміж ЗША і Расіяй. Гэта, мяркуе Ціханоўскі, дазволіць не толькі дамагчыся ад Лукашэнкі вызвалення ўсіх закладнікаў рэжыму, але і настаяць на спыненні палітычных рэпрэсій.

Дзяніс Кучынскі, дарадца Святланы Ціханоўскай, у сваім выступе заклікаў правесці чарговы, трэці раўнд стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама ён заклікаў працягваць намаганні па вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі. Акрамя таго ён заклікаў таксама захоўваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі.

Камісія па правах чалавека Тома Лантаса (Tom Lantos Human Rights Commission) — дзвюхпартыйная камісія па правах чалавека пры Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Яна сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў розных краінах, праводзіць адпаведныя слуханні і брыфінгі, дае рэкамендацыі амерыканскім заканадаўцам і ўрадавым структурам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.