ЗВР Беларусі за месяц выраслі болей як на 1 млрд долараў

Золата, ілюстрацыйнае фота

Золата, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Па стане на 1 лютага золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 1,28 млрд долараў. Цяпер ЗВР дасягнулі новага рэкорднага значэння ў 15,7 млрд долараў, паведамляе Нацбанк.

Асноўным фактарам росту ЗВР у студзені, як і раней, стаў кошт манетарнага золата. Пад канец студзеня каціроўкі каштоўнага металу выраслі за тыдзень на 10%, амаль да 5600 долараў за унцыю, але потым адбылася значная карэкціроўка.

Як адзначаюць у Нацбанка, кошт манетарнага золата, уключанага ў ЗВР, за студзень вырас на 1,16 млрд долараў і складае цяпер 8,63 млрд долараў.

Кошт спецыяльных правоў запазычання павялічыўся да 1,43 млрд долараў (рост склаў 17 млн долараў), а рэзервовыя актывы ў валюце выраслі да 5,64 млрд долараў (плюс 100,6 млн долараў). Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы сумай 0,03 і 0,1 млн долараў засталіся без зменаў.

У параўнанні з 1 лютага 2025 года ЗВР павялічыліся на 6,37 млрд долараў. Прычым асноўны рост забяспечыў кошт манетарнага золата — 3,76 млрд долараў. Рэзервовыя актывы ў валюце прыраслі на 2,53 млрд долараў, а спецыяльныя правы запазычання — на 79,1 млн долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.