Прыйшоў мароз — палопаліся трубы. Чаму ўлады не вырашаюць асноўную праблему ЖКГ

Прарыў цеплатрасы недзе ў Мінску

Прарыў цеплатрасы недзе ў Мінску / ЗАО "Столичное телевидение"

Сапраўдныя маразы ў Мінску вывелі з ужытку цепламагістраль. Праз аварыю на ЦЭЦ-4 пяць раёнаў горада (Кастрычніцкі, Маскоўскі, Фрунзенскі, Савецкі і Цэнтральны) пазбавіліся гарачай вады ў батарэях і вадаправодных кранах, і рамонтныя працы ўсё яшчэ працягваюцца.

Кіраўнік cэрвісу Petitions.pro Уладзімір Кавалкін патлумачыў Еўрарадыё, чаму летнія двухтыднёвыя стрэс-тэсты ацяплення і водазабеспячэння не ратуюць ад аварый, і ці здольныя жыхары неяк канструктыўна паўплываць на дзяржаву ў пытанні камунальных паслуг. 

— На мінскай ЦЭЦ-4 літаральна сёння адбыўся прарыў, узніклі гідраўлічныя праблемы, у выніку чаго цяпло фактычна не трапляе зараз у пяць раёнаў Мінска.

Хацелася задаць простае пытанне: чаму так адбываецца? З улікам таго, што ў нас летам праводзяцца гэтыя двухтыднёвыя праверкі якасці інфраструктуры ЖКГ.

— Тут праблема шматбаковая. Але калі коратка, то асноўныя прычыны дзве, хаця фактычна іх больш.

Першая, яна ж асноўная —  галоўныя магістралі вельмі старыя. Вельмі старыя трубы, якія ўкладваліся яшчэ ў савецкі час. Іх, вядома, латаюць, прыварваюць, рамантуюць. Але калі ўзнікае пікавая нагрузка на гэтыя трубы — а яна ўзнікае тады, калі вада моцна падаграваецца, — то трубы проста не вытрымліваюць.

Прыйшоў мароз — палопаліся трубы. Чаму ўлады не вырашаюць асноўную праблему ЖКГ
Ліквідацыя прарыву цеплтрасы ў Мінску, 19 студзеня 2026 года / Тэлеграм-канал "Мінэнерга афіцыяльны"

Мы ж памятаем, як афіцыйная прапаганда і сам Лукашэнка распавядалі, што ваду падаграваюць амаль да стану кіпню — да 90–100 градусаў. Маўляў, толькі каб у людзей было цёпла. Але праблема ў тым, што падчас такога павышэння тэмпературы метал дэфармуецца. І швы — асабліва старыя, зношаныя — проста ірвуцца.

Асабліва калі мы гаворым пра Мінск, абласныя і раённыя цэнтры: усё гэта будавалася яшчэ ў савецкія часы. І шмат што з таго часу не было капітальна абноўлена.

Асабліва гэта тычыцца магістральных сетак. Там патрэбны велізарныя інвестыцыі: перакладаць усе трубы, мяняць іх на сучасныя, каб сістэма нармальна працавала.

Другая праблема — гэта так званы стрэс-тэст. Калі прыходзяць маразы і трэба, каб вада дайшла да спажыўцоў не проста цёплая, а хаця б прымальна цёплая, яе трэба награваць значна мацней. А калі яе награваюць значна мацней, гэтыя старыя трубы пачынаюць лопацца — па швах, у месцах зношвання і старых злучэнняў.

Ёсць і трэцяя частка праблемы — дзяржаўны піяр, у тым ліку асабісты піяр Лукашэнкі. Піяр пра тое, што дзяржава нібыта клапоціцца: глядзіце, мы награваем ваду амаль да кіпню, толькі каб вам было цёпла ў дамах. Але гэта прыводзіць да таго, што састарэлая інфраструктура проста не вытрымлівае такой нагрузкі.

Гэта параўнальна з тым, як узяць 20–30-гадовую машыну, нейкі Opel Kadett з разбітым рухавіком, і паспрабаваць разагнаць яго да 150 км у гадзіну. Відавочна, што з ім здарыцца — ён проста разваліцца. Вось тое ж самае адбываецца са старымі трубамі.

Але ж трэба паказаць прыгожы піяр, “фарсануць”, як кажуць. І вось разганяюць гэты Opel 1970-х гадоў выпуску — і ён развальваецца. Бо ён не разлічаны на такія перагрузкі.

Прыйшоў мароз — палопаліся трубы. Чаму ўлады не вырашаюць асноўную праблему ЖКГ
Ліквідацыя прарыву цеплтрасы ў Мінску, 19 студзеня 2026 года / Тэлеграм-канал "Мінэнерга афіцыяльны"

Тое самае адбываецца і з нашымі цепласеткамі, якія будаваліся ў асноўным пасля Другой сусветнай вайны — у 1950-я, 60-я, 70-я, 80-я гады. І цяпер рамантаваць іх вельмі складана.

— А што адбываецца ў новых мікрараёнах Мінска, якія забудоўваюць замежнікі? Там сітуацыя з інфраструктурай ЖКГ тая ж ці ўсё ж адрозніваецца?

— Калі глядзець на праблему шырэй, то да ўжо названых далучаюцца яшчэ і іншыя фактары. Напрыклад, карупцыйны складнік. Мы ўсе ведаем, што так званыя "гаманцы Лукашэнкі" атрымліваюць зямлю і будуюць такія праекты, як “Мінск-Мір”, “Маяк Мінска” і іншыя. Яны манетызуюць свае адносіны з уладай і атрымліваюць разам з зямлёй вялікія льготы.

Гэтыя льготы могуць выглядаць, напрыклад, так: забудоўшчыка фактычна вызваляюць ад абавязку ствараць новую інфраструктуру для свайго раёна. Ваду, каналізацыю, газ, электрычнасць туды цягне горад. А бюджэт жа адзін.

Калі, напрыклад, у бюджэце былі закладзены грошы на замену старых цепламагістраляў, але гэтыя сродкі пайшлі на камунікацыі для чарговага “Мінск-Міра”, значыць, старая інфраструктура засталася недафінансаванай. Трубы не мяняюцца, рамонты не праводзяцца.

У выніку ўся сістэма працуе так, як мы бачым. Калі адбываецца аварыя, прарыў, уключаецца піяр-машына: паказваюць, як МНС, ЖКГ, аварыйныя службы працуюць дзень і ноч, 24 на 7, каб вырашыць праблему. Але сама праблема ўзнікае не праз маразы. Яна сістэмная.

Гэта хранічнае недафінансаванне старой інфраструктуры. А яно, у сваю чаргу, узнікае таму, што значная частка бюджэту ідзе на абслугоўванне інтарэсаў набліжаных да ўлады бізнесменаў і новых элітных раёнаў.

Прыйшоў мароз — палопаліся трубы. Чаму ўлады не вырашаюць асноўную праблему ЖКГ
Ліквідацыя прарыву цеплтрасы ў Мінску, 19 студзеня 2026 года / Тэлеграм-канал "Мінэнерга афіцыяльны"

— У апошнія гады ўлады планамерна скарачалі фінансаванне сферы ЖКГ. Плюс адбывалася вымыванне спецыялістаў з гэтай сферы праз рэпрэсіі, нізкія заробкі, эміграцыю. Усё гэта таксама ўплывае на колькасць аварый?

— Калі не рабіць своечасовых рамонтаў — звычайных і капітальных, — інфраструктура рана ці позна дае збой. І нават у Мінску гэтая праблема ўзнікае даволі часта. Мы памятаем, напрыклад, сітуацыю ў 2020 годзе, калі некалькі дзён з кранаў у людзей ішло нешта, што цяжка было назваць вадой — хутчэй каналізацыйныя сцёкі.

Гэта ўсё адна сістэмная праблема. І на яе накладваюцца два фактары: з аднаго боку, надвор’е, на якое мы не можам паўплываць; з другога — савецкі, паказны "клопат" дзяржавы і Лукашэнкі пра людзей, калі ваду награваюць да гранічных магчымасцей сістэмы, ведаючы, што трубы гэтага не вытрымаюць.

— Зараз шмат пішуць пра гэтую аварыю на ЦЭЦ — і ў TikTok, і самі мінчукі абмяркоўваюць у Threads. Ці могуць гараджане неяк паўплываць на працэс вырашэння такіх праблем, акрамя абмеркаванняў у сацсетках? 

— Яшчэ можна спрабаваць масава завальваць заявамі 115.бел і "Звароты.бел". Гэта застаецца.

Што да нашай ініцыятывы Petitions.pro, мы цяпер працуем не так, як раней: мы не збіраем подпісы, але даволі часта публікуем шаблоны зваротаў людзей, якія можна спампаваць і падаць самастойна праз "Звароты.бел". Мы так робім, каб не падстаўляць людзей пад абвінавачванні ў "экстрэмізме".

Чалавек можа ў прыватным парадку далучыцца да такой кампаніі. Магчыма, мы зробім нешта і па цепласетках — пакуль не ўпэўнены. Але на сёння застаецца шлях 115.бел і “Звароты.бел”.

Трэба разумець, што пісаць звароты мы мусім граматна: са спасылкамі на законы, з акуратнымі фармулёўкамі. Калі ацэньваць шанцы, што ўлады возьмуць і перабудуюць усе сеткі, — яны, шчыра кажучы, нізкія.

Чаму? Таму што для Лукашэнкі яго гаманцы значна бліжэйшыя, чым праблемы звычайных людзей. Для людзей будзе піяр, а грошы — набліжаным бізнесменам.

Але абазначыць праблему, зафіксаваць яе, задакументаваць — гэта таксама важна. Як кажуць, вада камень точыць. Патрошку, магчыма, нешта і зрушыцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.