Мінэнерга рапартуе, што пасля аварыі ў Мінску аднаўляецца падача цяпла
ЦЭЦ-4 у Мінску / lookby.media
У Мінску пасля аварыі на цепламагістралі пачынаюць аднаўляць падачу цяпла і гарачай вады, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
"Прыярытэтная ўвага надаецца аднаўленню цеплазабеспячэння сацыяльных аб'ектаў, бальніц, школ, дзіцячых садоў. Арганізаваныя абыходы жылых дамоў для праверкі параметраў ціску і тэмпературы цепланосьбіта, ліквідацыі паветраных коркаў і рэгулявання падачы цяпла ў кватэры", — гаворыцца ў паведамленні.
Аварыя на цепламагістралі ў раёне вуліцы Акадэміка Карскага адбылася зранку 19 студзеня. У выніку без ацяплення і гарачай вады на ўвесь дзень засталіся жыхары Фрунзенскага, Маскоўскага, Цэнтральнага, Савецкага і Кастрычніцкага раёнаў сталіцы.
Разам з тым на пашкоджаных участках цепламагістраляў яшчэ працягваюцца работы, там працуюць аварыйныя брыгады. Адбываецца наладка і рэгуляванне тэмпературнага і гідраўлічнага рэжыму сістэмы цеплазабеспячэння. Энергетыкі заяўляюць, што работы будуць весціся ў кругласутачным рэжыме да поўнага аднаўлення цеплазабеспячэння.
У ноч на аўторак у Мінску прагназуюць 17-19 градусаў марозу.