Пасля звароту да Лукашэнкі ў TikTok чыноўнікі вярнулі цяпло ў дом пад Рэчыцай
Ала Прывалава / screenshot
Чыноўнікі вярнулі цяпло ў дом жыхаркі вёскі Ведрыч пад Рэчыцай. Гэта адбылося толькі пасля таго, як яна некалькі дзён таму запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі і выклала яго ў TikTok.
У новым відэа жанчына прамаўляе не ў ватоўцы — бо ў кватэры ўжо +21°C.
Па словах аўтаркі відэа, цэлы дзень з ёю правялі галоўная рэдактар рэчыцкай раённай газеты "Дняпровец" і дырэктарка мясцовай ЖКГ. Спярша было вырашана, што ў памяшканні трэба мяняць батарэі. Але ў выніку выявілі і выправілі нейкую няспраўнасць, і замена не спатрэбілася.
4 студзеня Ала Прывалава выклала ў TikTok відэазварот да Лукашэнкі. Жанчына паскардзілася на праблему з ацяпленнем у вёсцы. Паводле яе "шмат скаргаў паступала ў раён, у вобласць — ніхто нічога не робіць".
Свой зварот праз сацсеткі Прывалава тлумачыць так: "Пісаць вам лісты і скаргі бескарысна — усё перахопліваецца, усё перакрываецца".