Спевака з падзякай ад Лукашэнкі асудзілі за каментары 2020-га
Андрэй Юркоў / фота з сацсетак
Спевака Рамана Юркова асудзілі паводле палітычных матываў — яму прыгадалі каментары ў сацсетках у 2020 годзе. Артысту прысудзілі "хатнюю хімію", а КДБ уключыў яго ў спіс "тэрарыстаў".
Іронія палягае ў тым, піша "Наша Ніва", што ў 2025-м Юркоў удзельнічаў у праўладным "Марафоне адзінства", агітаваў за Лукашэнку, атрымаў ад яго ліст падзякі за падтрымку на выбарах. А ўжо праз месяц спевака затрымалі сілавікі.
За Юркова заступіліся вядомыя прыхільніцы Лукашэнкі сёстры Груздзевы. Яны пазнаёміліся з ім у 2022-м, ён дапамог ім са студыяй і стаў іх аранжыроўшчыкам. Спявак выступіў на шоу БТ "Фактар.бай", удзельнічаў у шоу Андрэя Малахава ў Маскве, актыўна выступаў на праўладных мерапрыемствах.
Паведамляецца, што затрымалі Юркова 19 сакавіка. Яму інкрымінавалі арт. 130 Крымінальнага кодэксу ("Распальванне варожасці"). Працэс над ім адбыўся ў верасні ў Мінскім гарадскім судзе.
Сёстры Груздзевы хадзілі на суд — абараніць і падтрымаць сябра. Для дапамогі бралі з сабой фатаздымак Вольфа Месінга і абраз.
"У судзе мы выступілі вельмі эмацыйна. Сказалі, што, так, былі каментары, але зараз мы размаўлялі з гэтым чалавекам і ведаем, што ён цалкам за краіну, ён наш, ён сваімі ўчынкамі гэта даказвае. І што калі трэба, калі яму будзе пагражаць тэрмін, мы гатовы запісаць відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі і папрасіць яго памілаваць", — расказалі спявачкі.
Аднак ад абвінаваўчага прысуду гэта Юркова не выратавала.