Расія ўвядзе пастаянны мытны кантроль на мяжы з Беларуссю
Расійская мытня, ілюстрацыйнае фота / gefco.ru
Расія ўвядзе пастаянны мытны кантроль на мяжы з Беларуссю і Казахстанам. Гэта тлумачыцца абаронай унутранага рынку ад нядобрасумленнага імпарту.
Пра гэтыя меры заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Аляксей Авярчук на інтэграцыйным форуме ў рамках Тыдня расійскага бізнесу, перадае інфармагенцтва "Інтэрфакс".
Ён адзначыў, што ў Расіі існуе адкрытая мытная мяжа з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе. "І на наш рынак трапляюць тавары, якія ствараюць нядобрасумленную канкурэнцыю нашаму ўнутранаму рынку. І тут мы настроеныя на вельмі жорсткія меры для таго, каб спыняць гэтую нядобрасумленную практыку", — паведаміў чыноўнік.
Паводле Аверчука, гэта будзе не часовая кампанія, а пастаянны кантроль.
Дарэчы, 16 лютага Беларусь выйшла з пратакола аб узаемадзеянні мытных органаў краін СНД, падпісанага ў 2012 годзе. Прычыны такога рашэння афіцыйна не тлумачыліся.