Валізу савецкіх рублёў везлі з Беларусі ў Літву

Савецкія грошы, знойдзеныя ў пасажыркі

Савецкія грошы, знойдзеныя ў пасажыркі / Мытня Літвы

Літоўскія мытнікі не прапусцілі ў краіну жанчыну, якая везла валізу савецкіх грошай.

На памежным пункце Медзінінкай пры праверцы аўтобуса, які прыбыў з Беларусі, у валізе адной з пасажырак выявілі вялікую колькасць выведзеных з абарачэння грошай. Гэта былі рублі з савецкай сімволікай — знакамі сярпа і молата, чырвонымі пяціканцовымі зоркамі ды іншай атрыбутыкай СССР.

Заканадаўства Літвы, як нагадвае ведамства, забараняе распаўсюд, выкарыстанне ці публічную дэманстрацыю сімволікі нацысцкай Германіі, СССР ці Літоўскай ССР. Пад забарону трапляюць таксама знакі і сімвалы, якія могуць выкарыстоўвацца для прапаганды ідэалогіі таталітарных рэжымаў, агрэсіі або злачынстваў супраць чалавечнасці. Такія тавары забароненыя для дэкларавання і ўвозу ў Літву.

У выніку пасажырку з валізай грошай адправілі назад у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.