Ціханоўская не атрымала адказ на ліст прэм'еру Літвы аб пошуку кампрамісу

Святлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі

Святлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі / www.lrt.lt

Офіс Святланы Ціханоўскай да апошняга моманту спадзяваўся не пераязджаць з Вільні. У пошуках кампрамісу Ціханоўская нават напісала ў канцы мінулага года ліст прэм'ер-міністарцы Літвы Інзе Ругінене, але ён застаўся без адказу.

"Мы ўдзячныя за такую падтрымку, што ахоўвае крымінальная паліцыя, сочыць, каб мы маглі працаваць у Вільні (...), але мы да канца, да канца мінулага года шукалі кампраміс, як бы мы маглі паглядзець, калі цалкам застаемся ў Вільні. Мы шукалі гэты кампраміс, С. Ціханоўская напісала ліст прэм'ер-міністру, але адказу не атрымала", — перадае DELFI словы Дзяніса Кучынскага, дарадцы Ціханоўскай.

Ён расказаў пра шматлікія сустрэчы з літоўскімі чыноўнікамі дзеля развязання праблемы — у тым ліку ў МЗС і ў адміністрацыі прэзідэнта Літвы: "З гэтага боку можна сказаць, што МЗС зрабіла ўсё, што магло — у нас ёсць статус, дыпламатычная падтрымка (...). З боку офіса прэзідэнта таксама".

У кастрычніку 2025 года Літва нечакана панізіла статус аховы Святланы Ціханоўскай і яе Офіса, перадаўшы іх пад апеку паліцыі. Перамовы наконт гэтага статусу цягнуліся некалькі месяцаў, але пад канец снежня стала зразумела, што пераглядаць рашэнне літоўскія ўлады не будуць. У выніку Офіс Ціханоўскай пераехаў у Варшаву. Аднак у Вільні ў яго засталася дыпламатычная акрэдытацыя, там працуюць некалькі чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.