"Гэта не вяртанне ў 2019 год" — Калеснікава пра "вяртанне да нармальнасці"

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава / lookby.media

"Крым адназначна ўкраінскі. Для мяне гэта заўсёды было дзіўнае пытанне, бо я яшчэ 12 гадоў таму на яго адказала для сябе", — заявіла Марыя Калеснікава. 10 лютага экс-палітзняволеная правяла ў Берліне сустрэчу з журналістамі.

Калеснікава падкрэсліла, што Пуцін пачаў вайну і напаў на Украіну: "Бамбілі Кіеў. Я сама гэта бачыла ў навінах 24-га лютага ў турме". Яна назвала гэтыя дзеянні абсалютна цынічнымі і недапушчальнымі.

На пытанне, ці саўдзельнічаў у вайне Лукашэнка, Марыя адказала так: "Усе ведаюць, што ў першыя дні расійскія вайскоўцы заходзілі ў тым ліку з боку Беларусі. Я лічу, што трэба было рабіць што заўгодна, каб гэтага пазбегнуць, каб гэтага не адбылося".

Калеснікава падкрэсліла, што на кіраўніцтве дзяржавы ляжыць віна за тое, што Беларусь можа страціць суверэнітэт: "І гэта ўсё наступства гэтага патурання, дазволу Пуціну дзейнічаць такім чынам на беларускай тэрыторыі".

Яна згадала, што ў калоніі бачыла зняволеных па "справе Гаюна": “Яны баяліся за Беларусь, яны абаранялі такім чынам Беларусь, абаранялі сваіх родных такім чынам. І гэта вельмі важна разумець".

Таксама ў Калеснікавай запыталіся пра яе нядаўнія публічныя заявы пра "вяртанне да нармальнасці". Экс-палітзняволеная растлумачыла, што не мела на ўвазе вяртанне да сітуацыі 2019 года:

“Гэта не вяртанне да нармальнасці, а хутчэй дарога да нармальнасці. Жаданне прыйсці да нармальнасці. То бок не вяртанне ў 2019 год, мне гэта вельмі важна артыкуляваць, бо нейкія рэчы маглі быць няправільна зразуметымі. Гэта Беларусь, да якой мы ўсе хочам прыйсці — гэта і ёсць нармальнасць".

Калеснікава апісала Беларусь, якую яна хоча бачыць: "Свабодная, дэмакратычная, адкрытая, сучасная, IT-прасунутая краіна. Натуральна, з еўрапейскімі каштоўнасцямі. Дзе чалавек — самая галоўная каштоўнасць дзяржавы. Калі чалавек важнейшы за ўладу, важнейшы за дзяржаву”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.