Затрыманая ва Украіне шпіёнка КДБ ужо служыла ў Мінабароны

Іна Кардаш

Іна Кардаш / belatom.by

Выкрытая ва Украіне шпіёнка КДБ Іна Кардаш на момант затрымання працавала ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. Пра новыя дэталі яе справы даведалася Радыё Свабода.

Інфармаваная крыніца ў праваахоўных органах расказала выданню, што Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня. Папярэдне рашэннем суда яе арыштавалі да 20 сакавіка ўключна. Потым тэрмін можа быць працягнуты.

У матэрыялах справы паведамляецца, што Кардаш мае вышэйшую адукацыю і жыла ў зарэгістраваным шлюбе. На момант арышту яна была вайсковай у званні салдата (гэта адно з званняў у цяперашнім шараговым складзе ўкраінскага войска). На працу ў Каардынацыйны штаб яе ўзялі ў лістападзе 2025 года.

Справу супраць Кардаш пачалі 16 ліпеня 2025 года. Да таго моманту следчыя ўжо вялі негалоснае назіранне за ёй, а падазрэнне ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі ўручылі ў дзень затрымання.

Як сцвярджае следства, Іна Кардаш супрацоўнічала з КДБ з 2019 года. Кантакт яна падтрымлівала праз грамадзяніна Беларусі, які "свядома для яе ажыццяўляў канфідэнцыйную супрацу са спецслужбамі Беларусі". Не пазней за 6 верасня 2025-га гэты беларус прапанаваў ёй паехаць у Будапешт па новыя інструкцыі. У сталіцу Венгрыі Кардаш прыехала 16 верасня, набыла там новы мабільны тэлефон і нібыта ўсталявала "прыкладанне для зашыфраваных канфідэнцыйных размоваў". З гэтага нумару яна затэлефанавала сувязному, а той далучыў да іх размовы супрацоўніка КДБ. Падчас гэтай сустрэчы Кардаш нібыта атрымала заданне ўладкавацца на працу ў Каардынацыйны штаб.

У лістападзе яе ўзялі на працу ў штаб. Як вынікае з дакументаў, прынамсі з 21 лістапада да 19 снежня Кардаш "сістэмна збірала службовую інфармацыю": фатаграфавала дакументы і запісвала размовы іншых супрацоўнікаў штаба, а запісы потым перадавала ў Беларусь.

Паведамляючы пра затрыманне Іны Кардаш, СБУ сцвярджала, што ёй наўмысна падкідвалі дэзінфармацыю з грыфам "Сакрэтна". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.