Машыны комплексу "Арэшнік" трапілі на здымкі базы пад Крычавам

Спадарожнікавы здымак базы пад Крычавам

Спадарожнікавы здымак базы пад Крычавам / Planet Labs inc

На былым вайсковым аэрадроме "Крычаў-6" працягваецца актыўнае разгортванне вайсковай базы. Пра гэта сведчыць спадарожнікавы здымак кампаніі Planet Labs, зроблены 9 лютага 2026 года.

На гэтым здымку ўпершыню можна заўважыць машыны, як мяркуецца, з ракетнага комплексу "Арэшнік". Таксама на ім заўважныя новая тэхніка і будынкі, якія з'явілся за апошнія месяцы.

30 снежня міністэрствы абароны РБ і РФ паказалі відэаролік, як нібыта ракетны комплекс "Арэшнік" заступае на баявое дзяжурства. Пры гэтым на кадрах, як заўважылі эксперты, былі відаць толькі тры машыны тэхнічнага забеспячэння і адна машына аховы. Амерыканскія аналітыкі на падставе спадарожнікавых здымкаў вылічылі, што магчымым месцам размяшчэння гэтага комплексу стаў былы вайсковы аэрадром "Крычаў-6".

На спадарожнікавым здымку за 9 лютага 2026 года на тэрыторыі цэнтральнага вайсковага гарадка можна разгледзець шэсць машын, якія могуць належаць ракетнаму комплексу "Арэшнік", адзначае Радыё Свабода. Іх памер і прапорцыі адпавядаюць памеру тэхнікі, якую раней дэманстравалі міністэрствы абароны. Праўда, дакладны тып машын пакуль вызначыць немагчыма, бо для гэтага патрабуюцца больш якасныя здымкі. Для гэтых машын будуюць два ангары.

Амэрыканскі аналітык адкрытых даных і спадарожнікавых здымкаў, супрацоўнік CNA Corporation (даследчага цэнтру ў галіне абароны і нацыянальнай бяспекі ЗША) Дэкер Эвэлет кажа, што на новым спадарожнікавым здымку, "верагодна, бачна як мінімум два аб’екты, якія могуць быць пускавымі ўстаноўкамі, магчыма — тры". Таксама ён звярнуў увагу, што размяшчэнне магчымых пускавых установак і машын забеспячэння на адкрытай пляцоўцы, пакуль вакол іх працягваецца будаўніцтва ангараў, сведчыць пра высокі тэмп разгортвання.

Расійскі эксперт у галіне стратэгічных узбраенняў Дзмітрый Стэфановіч удакладніў, што, мяркуючы па здымках, можна казаць аб разгортванні дывізіёна ці стартавай батарэі Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.

Вайсковы эксперт украінскага выдання Defence Express і вайсковец 413-га палка Сілаў беспілотных сістэмаў "Рэйд" Іван Крычэўскі ў каментары Свабодзе звярнуў увагу на важны нюанс. Паводле яго, у Беларусі ўжо сапраўды ёсць асобныя кампаненты для забеспячэння працы балістычных ракет сярэдняй далёкасці "Арэшнік". Але нельга выключаць і тое, што расіяне "могуць такім чынам ствараць фальшывыя вайсковыя пазіцыі. І гэта можа быць адна з такіх фальшывых пазіцыяў".

Ён назваў нелагічнымі элементамі інфраструктуры вайсковага аб’екту пад Крычавам ангары, бачныя на спадарожнікавым здымку, якія будуюцца адзін побач з адным і адразу для некалькіх машын ракетнага комплексу. Пры нанясенні ўдару, кажа эксперт, такая канцэнтрацыя тэхнікі можа прывесці да яе адначасовага знішчэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.