Чаму “Арэшнік” менавіта ў Крычаве? Запыталіся ў амерыканскага эксперта
"Арэшнік" / Мінабароны Беларусі
Расійскі “Арэшнік” — на аэрадроме пад Крычавам, кажуць аналітыкі Інстытута міжнародных даследаванняў (Мідлберы, ЗША). Але чаму ракетны комплекс вырашылі размясціць менавіта каля гэтага беларускага горада?
Пра гэта і не толькі Еўрарадыё спытала ў доктара Джэфры Льюіса, амерыканскага эксперта па ядзерным нераспаўсюджванні і геапалітыцы, прафесара Цэнтра даследаванняў нераспаўсюджвання (CNS) у Інстытуце міжнародных даследаванняў каледжа Мідлберы, аўтара блога Arms Control Wonk.
— Чаму авіябаза ў Крычаве? Якія дэталі аналізу прывялі вас менавіта ў гэту кропку?
— Сам Лукашэнка казаў, што база будзе недалёка ад мяжы са Смаленскам. А гэта прыкладна за пяць кіламетраў ад мяжы.
Гэта пакінуты аэрадром, таму ваенным адносна лёгка было яго ўзяць пад кантроль. Там знаходзіўся вугальны завод, які не быў асабліва важным аб’ектам прамысловасці.
Там ёсць абаронены чыгуначны вузел, што з’яўляецца характэрнай прыкметай баз Стратэгічных ракетных сіл. Акрамя таго, будаўніцтва на пляцоўцы выглядала як раён разгортвання ракет — з вялікімі будынкамі, у тым ліку адным буйным гаражом, які мог бы змясціць пускавыя ўстаноўкі “Арэшнік”.
— Месца ўсё ж знаходзіцца бліжэй да Расіі, чым да меж ЕС. Чаму менавіта там, а не дзесьці яшчэ?
— Гэта сістэма з адносна вялікай далёкасцю. Таму, па сутнасці, гэта не мае вялікага значэння. Яна можа паражаць цэлі па ўсёй Заходняй Еўропе, знаходзячыся ў Расіі, таму ёй не трэба быць бліжэй. Больш за тое, калі размяшчаць яе бліжэй, яна становіцца нават больш прыступнай.
Таму, як мне здаецца, яны хацелі разгарнуць яе ў Беларусі, але як мага далей ад Польшчы і Украіны, каб па ёй было цяжэй нанесці ўдар.
Я таксама думаю, што аб’ект вельмі невялікі. Таму падазраю, што асноўнае разгортванне ўсё роўна будзе ў Расіі. А сюды, верагодна, проста накіруюць адзін разлік і будуць раціраваць частку падраздзялення — уводзіць і выводзіць яго з гэтай пляцоўкі.
In the post-holiday rush, I managed to publish the image of the Oreshnik deployment site near Krichev UPSIDE DOWN. 🙃🔫
— Dr. Jeffrey Lewis (@ArmsControlWonk) January 15, 2026
I needed to updated it with excellent @RFERL reporting. It's much easier to examine now. pic.twitter.com/KtoZ4xFxqq
— Згодна з вашым аналізам, ці дастатковая там інфраструктура для «Арэшніка»? Абяцалі не больш за дзясятак ракет. Што вы думаеце пра інфраструктуру на гэтым аб’екце?
— Я нават не думаю, што там можна размясціць цэлую дзясятку ракет. Лічу, што тры — гэта больш рэалістычная лічба для гэтай пляцоўкі.
Гэта кажа пра тое, што альбо яны плануюць будаваць дадатковыя месцы разгортвання ў іншых раёнах, альбо будуць трымаць большую частку ў Расіі і толькі раціраваць нешта сюды.
Таму пакуль мы дакладна не ведаем. Магчыма, пазней яны пашыраць аб’ект. Але на дадзены момант гэта даволі невялікае месца. Наколькі магу судзіць, гэта фактычна адзін гаражны будынак.
— На відэа, якое апублікавала Міністэрства абароны Беларусі, пра заступленне “Арэшніка” на баявое дзяжурства не відаць самой пускавой устаноўкі з ракетай. Як вы думаеце, чаму яе не паказалі?
— Я думаю, што расіяне імкнуцца не раскрываць занадта шмат інфармацыі пра сістэму.
Часткова таму, што яны ўвогуле вельмі скрытныя адносна сваіх ваенных магчымасцей, але таксама таму, што, як мне здаецца, яны шмат у чым хлусілі пра гэтую сістэму. І калі рэальныя падрабязнасці стануць вядомыя, гэта будзе даволі нязручна.
Магчыма, пускавыя ўстаноўкі там яшчэ не знаходзяцца. Але, думаю, у асноўным гэта проста нежаданне раскрываць занадта шмат інфармацыі.
— Дзе могуць знаходзіцца самі гэтыя ўстаноўкі і ракеты?
— Яны плануюць размясціць іх на гэтай пляцоўцы. Не ведаю, ці стаяць яны там ужо, але калі так, то, хутчэй за ўсё, іх паставілі ў вялікі будынак, які, па нашых ацэнках, падыходзіць па памеры.
І, па маім меркаванні, запускі будуць ажыццяўляцца з іншага канца ўзлётна-пасадачнай паласы, таму што расіяне залілі там вялікую бетонную пляцоўку, а затым засыпалі яе грунтам. Таму я лічу, што гэта загадзя праверанае і падрыхтаванае месца для запуску.
— Што азначае разгортванне “Арэшніка” на тэрыторыі Беларусі для самой Беларусі? Гэта зроблена толькі для запужвання “ворагаў” ці гэта больш сур’ёзны знак?
— Я думаю, што гэта чарговы этап пашырэння расійскага стрымлівання ў адносінах да Беларусі. Расія ўжо прадаставіла ядзерныя боегалоўкі для беларускай авіяцыі і для беларускіх ракет “Іскандэр”. А гэта свайго роду трэцяя ножка табурэта — расійская магчымасць.
Хоць “Арэшнік” выкарыстоўваўся са звычайнымі баявымі часткамі, сістэма першапачаткова спраектавана таксама для выкарыстання ядзернай зброі. Таму гэта трэці складнік пашыранага расійскага ядзернага стрымлівання ў адносінах да Беларусі.
— Расіяне запускалі “Арэшнік” двойчы, Пуцін заяўляе, што гэту ракету “немагчыма перахапіць, што яна валодае разбуральнай сілай, параўнальнай з ядзернай зброяй, нават пры наяўнасці звычайнай боегалоўкі”. Ці сапраўды гэта так?
— Не, гэта проста ракета, як і любая іншая. Яе можна перахапіць такім жа чынам, як і іншыя ракеты.
Баявыя часткі, якія яны выкарыстоўвалі да гэтага часу, былі кінетычнымі, а яны значна менш магутныя, чым ядзерная зброя. Таму ўсё гэта няпраўда.
— Напрыклад, чым можна процідзейнічаць “Арэшніку”?
— Тымі ж сродкамі супрацьракетнай абароны.
Гэта проста ракета. У ёй няма нічога асаблівага. Гэта першыя дзве ступені стратэгічнай міжкантынентальнай балістычнай ракеты.