Памерла адзіная дэмакратычна абраная мэр Гомеля

Святлана Гальдадэ

Святлана Гальдадэ / "Зялёны партал"

Памерла Святлана Гальдадэ, якая ў канцы 1980-х — на пачатку 1990-х узначальвала Гомельскі гарсавет і выканкам.

Пра яе смерць напісаў у Фэйсбуку яе былы намеснік Віктар Карняенка, вядомы апазіцыйны актывіст:

"Лёс вызначыў так, што я тры гады працаваў пад яе началам у якасці намесніка. Нас выбраў нялёгкі час, калі сацыяльна-эканамічныя катаклізмы здараліся што ні дзень. То раптоўна знікаў тытунь, то цукар, то ўсё разам. Алею ў агонь падлівала старая наменклатура, якая, па-мойму, так і не ўспрыняла Святлану Канстанцінаўну за роўную сабе. Але падтрымкай быў гарадскі Савет, адзіны прадстаўнічы орган улады ў  Беларусі, дзе антыкамуністычныя сілы мелі большасць".

Менавіта пад кіраўніцтвам Гальдадэ ў гарадскіх структурах ішлі працэсы па дэмакратызацыі мясцовага самакіравання. Таксама яна падтрымлівала развіццё мясцовых СМІ і культурных ініцыятыў,  беларусізацыю грамадскага жыцця Гомеля.

Пры лукашэнкаўскім рэжыме Гальдадэ аказалася ў апазіцыі да ўлады. Яна крытыкавала ўладу за стаўленне да наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, за арышт навукоўца Юрыя Бандажэўскага, увайшла ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП). У 2012 годзе Гальдадэ хацела правесці пікет у падтрымку арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, але ёй адмовілі ў дазволе. Апратэстоўваючы забарону, яна дайшла да ААН і выйграла суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.