Бюракратычны футбол. Украінцы пасля беларускіх турмаў апынуліся “па-за законам”

Аўтобус з беларускімі палітвязнямі у момант іх перадачы Украіне, 22 лістапада 2025 года

Аўтобус з беларускімі палітвязнямі у момант іх перадачы Украіне, 22 лістапада 2025 года / тэлеграм-канал Каардынацыйнага штабу па пытаннях вайсковапалонных

Вярнуцца дадому пасля выпрабаванняў у беларускай турме — для многіх украінцаў гэта падалося б канчатковай перамогай. Аднак на радзіме іх чакае новы выклік: барацьба за статус пацярпелых ад палітычнага пераследу. 

Некалькі палітвязняў з украінскім грамадзянствам, вызваленых у лістападзе 2025 года, распавялі Еўрарадыё, што не могуць атрымаць ад дзяржаўных органаў статусу пацярпелых ад краіны-агрэсара.

 

“Адны кажуць — ідзіце туды, а іншыя — ідзіце сюды”

Для Аляксандра Катовіча, які пакутуе ад пацверджанага ПТСР і дэпрэсіі, атрыманне статусу — гэта адзіны шанец на паўнавартасную медыцынскую дапамогу. Аднак атрымаць гэты статус аказалася складаней, чым адбываць пакаранне ў шклоўскай калоніі.

Статус дае права на бясплатную рэабілітацыю, грашовую дапамогу ў памеры 100 тысяч грыўняў (каля 2 тысяч еўра) і адтэрміноўку ад мабілізацыі на перыяд ваеннага становішча.

Паводле суразмоўцы, украінскія дзяржорганы выкарыстоўваюць спрэчную аргументацыю, каб адмовіць у дапамозе.

“Пакуль футболяць нас. Адны кажуць — ідзіце туды, а іншыя — ідзіце сюды. <...> Мне юрысты ўжо патлумачылі, у чым праблема, чаму гэты статус не могуць выдаць... Справа ў тым, што ў законе Беларусь не пазначана як агрэсар, вось як Расія. Але па факце мы бачым, што тыя, хто сядзеў у Беларусі, статус атрымліваюць”, — кажа Аляксандр.

Бюракратычны футбол. Украінцы пасля беларускіх турмаў апынуліся “па-за  законам”
Аляксандр Катовіч / Асабісты архіў героя

Пры гэтым прадстаўнікі Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, па словах былога палітвязня, спрабуюць паказаць палітвязняў звычайнымі злачынцамі:

“Яны апраўдваюць гэта тым, што вы сядзелі ў Беларусі, вы парушылі законы Беларусі, адпаведна, ну, вас і пасадзілі, а потым проста дэпартавалі. <...> Служба бяспекі Украіны кажа: „Ніякіх даведак мы вам не дамо“, але ў той жа час паралельна мы бачым, што іншым людзям робяць даведкі гэтыя”.

Сітуацыя выглядае неадназначна: пакуль адным палітвязням адмаўляюць, іншыя атрымліваюць статус без праблем. Аляксандр кажа, што ў прыярытэце тыя, хто супрацоўнічаў са спецслужбамі (напрыклад, з ГУР), хоць Аляксандр ведае выпадкі, калі статус давалі і звычайным людзям, якія сядзелі проста за каментары ў падтрымку Украіны. 

Зараз суразмоўца чакае адказу ад Упаўнаважанага па правах чалавека і рыхтуе дакументы для камісіі па наданні статусу. Калі вынік будзе негатыўным, ён не збіраецца маўчаць.

“Калі будзе негатыўны вынік, інфармацыя атрымае шырокую агалоску... Што ёсць людзі, якія сядзелі ў Беларусі за падтрымку Украіны, але ім ніхто статусу не даў”, — заяўляе ён.

Для чалавека, які застаўся без унутранага пашпарта, без грошай і з падарваным здароўем, гэты статус — не прывілея, а неабходная ўмова для “сацыялізацыі” і вяртання да жыцця пасля зняволення.

Акрамя Аляксандра, Еўрарадыё вядома яшчэ пра трох чалавек з групы вызваленых палітвязняў, якія падалі дакументы, каб атрымаць статус. І яшчэ чатыры чалавекі разлічваюць на статус, але пакуль не рабілі крокаў для яго атрымання.

 

“У выпадку адмовы мае сэнс яе абскарджваць”

Мы спрабавалі атрымаць адказ па сітуацыі з палітвязнямі ад украінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, але адказ на пісьмовы запыт так і не прыйшоў.

Бюракратычны футбол. Украінцы пасля беларускіх турмаў апынуліся “па-за  законам”
Аўтобус з вызваленымі грамадзянамі Украіны, 22 лістапада 2025 года / тэлеграм-канал Каардынацыйнага штабу па пытаннях вайсковапалонных

Прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай ва Украіне Святлана Шаціліна распавяла Еўрарадыё, што не ведае нічога пра такія выпадкі.
“Але гэта не азначае, што іх няма. Лічу, што на такія пытанні павінен адказваць украінскі Штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Што да статусу ўкраінцаў, якія знаходзяцца або знаходзіліся ў беларускіх турмах паводле палітычных артыкулаў (шпіянаж, агентурная дзейнасць, экстрэмізм і пад.), то ён рэгулюецца спецыяльным заканадаўствам Украіны, прынятым у 2022 годзе”.

Патлумачыў сітуацыю і ўкраінскі праваабаронца, праграмны дырэктар Цэнтра грамадзянскіх свабод Уладзімір Яворскі. 

Па яго словах, сітуацыя з прызнаннем статусу грамадзянскіх асоб, якія знаходзіліся ў палоне або месцах пазбаўлення волі, з’яўляецца даволі складанай і неадназначнай. 

“Закон, які рэгулюе гэтыя пытанні, распаўсюджваецца толькі на грамадзян Украіны і прадугледжвае шэраг умоў — не ўсе выпадкі пазбаўлення волі падпадаюць пад яго дзеянне.

Акрамя таго, атрыманне статусу наўпрост звязана з паняццем “дзяржава-агрэсар”. На сёння такой афіцыйна прызнана толькі Расійская Федэрацыя. Беларусь фармальна ў гэты пералік не ўваходзіць”. 

Тым не менш на практыцы ўжо былі выпадкі, калі людзям, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі, усё ж прысвойвалі адпаведны статус.

“Рашэнні па такіх справах прымае спецыяльная камісія, якая працуе надзвычай неэфектыўна: яна збіраецца прыкладна раз на месяц, перагружана вялікай колькасцю заяў і нярэдка адмаўляе нават грамадзянскім асобам, якія знаходзіліся ў зняволенні на акупаваных Расіяй тэрыторыях. Гэта сістэмная праблема, звязаная з тым, што механізм працы камісіі распрацоўваўся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання і не быў разлічаны на цяперашнія маштабы”, — падкрэслівае Яворскі.

Украіна, па словах суразмоўцы, таксама стала больш жорстка падыходзіць да прысваення статусу, паколькі ён прадугледжвае як аднаразовую выплату, так і шэраг сацыяльных ільгот.

“Калі рашэнне па заяве яшчэ не прынята, гэта не азначае адмовы — працэс разгляду можа проста зацягвацца. У выпадку адмовы мае сэнс яе абскарджваць: на практыцы адвакатам нярэдка ўдаецца дамагчыся станоўчага выніку. Пры гэтым вялікае значэнне маюць індывідуальныя абставіны: дата і прычыны арышту, тэрмін утрымання, наяўнасць дакументаў і характар абвінавачанняў”.

Асобна варта ўлічваць, што асобы, якія супрацоўнічалі з ГУР (у тым ліку як пазаштатныя супрацоўнікі), могуць праходзіць па іншай працэдуры — ужо як вайскоўцы, у межах іншага заканадаўства.

“Нават у выпадку адмовы рэкамендуецца дачакацца афіцыйнага рашэння камісіі і пасля гэтага спрабаваць яго абскардзіць, паколькі значная частка адмоў у выніку пераглядаецца”, — раіць праваабаронца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.