Галадоўку абвясціў бізнесовец, асуджаны за "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж"
Сяргей Ботвіч / belsmi.by
У папраўчай калоніі №22 пад Івацэвічамі ("Ваўчыныя норы") абвясціў галадоўку ўраджэнец Беларусі, грамадзянін Літвы і Францыі, палітвязень Сяргей Ботвіч. Увосень 2022-га яму прысудзілі 13 гадоў за "агентурную дзейнасць".
Цяпер вязень знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Інфармацыю пра гэта выданне "Зеркало" атрымала праз асуджаных, якія выйшлі на волю.
У Ботвіча дыягнаставалі сур'ёзныя захворванні, а неабходных лекаў у Беларусі няма. "Сваякам прывезці яму неабходныя прэпараты не дазваляюць. Галадоўка для яго — гэта смяротная рызыка", — расказаў вызвалены вязень журналістам.
Ботвіч нарадзіўся ў Беларусі, у 1980-я з'ехаў у Францыю па абмене студэнтамі, атрымаў французскае грамадзянства, а потым і літоўскае. Ён займаўся бізнесам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — пераважна гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы.
У 2014-м Ботвіч вырашыў пабудаваць завод па вытворчасці драўнянага вугалю на сваёй малой радзіме пад Свіслаччу ў Гродзенскай вобласці. Уклаў у праект каля мільёна долараў. Пабудаваць завод так і не здолеў, а ў чэрвені 2018-га на яго пачалі крымінальную справу. Бізнесоўца вінавацілі ў завалоданні 734 тысячам еўра падманным шляхам. Пазней вытворчасць па справе спынілі з прычыны немагчымасці правядзення следчых дзеянняў — хутчэй за ўсё таму, што Ботвіч быў за мяжой. Аднак ён не ўцёк, а ў тым жа годзе 19 разоў быў у Беларусі, прыязджаў і ў наступныя гады. Падчас прыезду ў 2021-м яго затрымалі.
"Потым былі паўтара года ў адзіночнай камеры, абвінавачванні ў працы спачатку на французскую, а потым на літоўскую разведку. Закрыты суд. 13 гадоў. Непрызнанне віны", — дзеляцца падрабязнасцямі тыя, каму Ботвіч расказаў сваю гісторыю.
У якасці доказаў наконт шпіянажу, як паведамляецца, выкарыстоўваліся словы аднаго сведкі, якога затрымалі разам з сям'ёй на памежным пераходзе "Прывалка" і пагрозамі прымусілі даць сведчанні на Ботвіча. Пасля гэтага яму дазволілі з'ехаць у Літву.
Ботвіч ужо з калоніі пісаў скаргі ў Генпракуратуру, каб яму растлумачылі сутнасць абвінавачання. "Калі агентурная дзейнасць і шпіянаж, то якія сакрэтныя даныя ён спрабаваў выведаць? Бо павінен жа быць нейкі склад злачынства на прызначаныя 13 гадоў. У адказ ён атрымаў адпіску, што ўсе гэтыя звесткі сакрэтныя, і таму яму не могуць паведаміць, за што ён канкрэтна сядзіць ужо столькі гадоў", — расказваюць асуджаныя, якія выйшлі на волю.
Пасля гэтага ён абвясціў галадоўку. Былыя вязні асцерагаюцца, што доўга ён не працягне.