Галоўны правал — Украіна. Чым запомніўся першы год прэзідэнцтва Трампа
Дональд Трамп / Anna Moneymaker / Getty Images
20 студзеня спаўняецца год з дня інаўгурацыі прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа. Для беларусаў гэты час запомніўся скарачэннем фінансавання міжнародных НДА і нечаканым наладжваннем дыпламатычных кантактаў: у абмен на частковае зняцце санкцый з беларускіх турмаў выйшлі больш за сто палітвязняў, у тым ліку лідары апазіцыі і замежныя грамадзяне.
Яшчэ год таму цяжка было ўявіць, што Трамп зацікавіцца Беларуссю. Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі палітык такіх планаў не агучваў, затое абяцаў узмацніць кантроль над мігрантамі без належных дакументаў у ЗША і — галоўнае — скончыць вайну ва Украіне за 24 гадзіны.
Падрабязней пра першыя поспехі і правалы Дональда Трампа падчас яго другога прэзідэнцкага тэрміну Еўрарадыё пагаварыла з паліталагіняй-амерыканісткай і кандыдаткай гістарычных навук Аляксандрай Філіпенка.
Падрыхтоўка да вяртання і гіперактыўнасць Трампа
— Адна з галоўных высноў 2025 года для ЗША заключаецца ў тым, што Дональд Трамп дзейнічаў значна больш актыўна, чым усе чакалі, а супраціў яму аказаўся значна слабейшым, — распавядае Аляксандра Філіпенка. — Перад гэтым, цягам усяго года, Трамп паводзіў сябе так, быццам рыхтаваўся да вяртання ў Белы дом. І сапраўды, за апошнія чатыры гады яго каманда (частка якой увайшла ў адміністрацыю, а частка засталася ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў ролі сяброў і дарадцаў) вяла дбайную падрыхтоўку да новага прэзідэнцкага тэрміну.
У выніку год прайшоў нібыта “за пяць”: Трамп дзейнічаў максімальна актыўна і падрыхтавана.
Мінімальны супраціў і хваляванні ў ЗША
Дэмакратычная партыя праз унутраныя супярэчнасці пасля паражэння ў 2024 годзе не змагла выпрацаваць стратэгію і эфектыўна супрацьстаяць Дональду Трампу. Гэта тлумачыцца тым, што правал дэмакратаў у 2024 годзе быў сістэмным: параза адбылася не толькі на прэзідэнцкіх выбарах, але і на ўзроўні губернатараў, сенатараў, кангрэсменаў і мясцовай улады. Таму ў дэмакратаў не было разумення, як дзейнічаць і ў якім кірунку рухацца далей.
Безумоўна, мінімальны супраціў усё ж быў. Людзі выходзілі на вуліцы, праходзілі найбуйнейшыя ў гісторыі ЗША маршы пад лозунгамі “No kings” (“Не каралям” або “Няма каралёў”) — яны адбываліся двойчы. Але ў палітычным сэнсе гэта не паўплывала ні на Трампа, ні на Рэспубліканскую партыю — на тых, хто прымаў рашэнні.
Перамога ў іміграцыйнай палітыцы
Галоўная перамога Дональда Трампа — перамога ў іміграцыйнай палітыцы. Ён выкарыстоўвае тэорыю “затопленай прасторы”: мы адцягваемся на розныя пытанні, а тым часам ён у гэтай “затопленай прасторы” выбірае тую сферу, дзе можа дамагчыся поспеху.
Найбуйнейшы правал — няздольнасць спыніць вайну ва Украіне
Найбуйнейшы правал адміністрацыі Трампа — гэта няздольнасць спыніць вайну ва Украіне за 24 гадзіны. Ні за адзін дзень, ні за 24 тыдні ціск і перамовы не далі выніку: Масква проста адмовілася.
Дзеянні Белага дома выглядаюць транзакцыйнымі і супярэчлівымі, што не падабаецца амерыканцам. Большасць лічыць, што Трамп занадта спагадліва ставіцца да Расіі. Усе паездкі ягоных прадстаўнікоў, уключаючы Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера, а таксама праведзеныя сустрэчы аказаліся безвыніковымі.
Гэтае канкрэтнае абяцанне — скончыць вайну за адзін дзень — было вельмі сур’ёзным, і ў выніку аказалася невыканальным.
Можна спрачацца пра тое, ці робіць Трамп Амерыку зноў вялікай, але спрачацца пра тое, ёсць вайна ці няма, — бессэнсоўна. Яна альбо ёсць, альбо яе няма. Таму ўсё, што датычыцца вайны Расіі супраць Украіны, — гэта галоўная няўдача Дональда Трампа ў першы год яго другога прэзідэнцкага тэрміну.