Трамп прыгразіў Макрону пошлінамі за адмову ўвайсці ў Раду міру
Дональд Трам і Эманюэль Макрон / PAP/EPA/LUDOVIC MARIN / POOL
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон не спяшаецца ўвайсці ў Раду міру, якую склікае Дональд Трамп.
"Як і многія краіны, Францыя была запрошаная далучыцца да Board of Peace ("Рады міру") і вывучае прапанаваную прававую аснову", — перадае RFI словы крыніцы ў асяроддзі Макрона. У кіраўніцтве Францыі мяркуюць, што хартыя Рады міру выходзіць за дэклараваныя рамкі сектара Газа і ставіць пад сумнеў прынцыпы і структуры ААН.
Адмова Францыі абурыла Трампа, і ён прыгразіў увесці 200% пошліны на французскае віно, калі Макрон не пагодзіцца ўвайсці ў Раду міру.
Потым прэзідэнт ЗША апублікаваў SMS, якое, паводле яго, адправіў прэзідэнт Францыі:
"Мой сябар,
Мы цалкам супадаем у поглядах па Сірыі.
Мы можам зрабіць вялікія справы па Іране.
Я не разумею, што ты робіш у Грэнландыі.
Давай паспрабуем пабудаваць вялікія рэчы:
Я магу арганізаваць сустрэчу G7 пасля Давоса ў Парыжы ў чацвер днём. Я магу запрасіць украінцаў, датчан, сірыйцаў і расіян на палях сустрэчы.
Давай павячэраем разам у Парыжы ў чацвер перад тым, як ты вернешся ў ЗША.
Эманюэль"
Крыніца з атачэння Макрона пацвердзіла журналістам AFP, што ён прапанаваў Трампу правесці ў чацвер у Парыжы сустрэчу G7 з удзелам Расіі. Пры гэтым пагрозы ўвесці пошліны на віно "з мэтай уплыву на знешнюю палітыку" ў Францыі назвалі непрымальнымі.
Раней інфармагенцтва Bloomberg паведаміла, што тэрмін знаходжання ў Радзе будзе складаць 3 гады. Але краіна, якая ўнесла больш за 1 млрд долараў, можа застацца бестэрмінова. У афіцыйным паведамленні адміністрацыі Трампа ў адказ заявілі, што мінімальнай сумы для ўступлення няма. Але сцвярджэнне, што пастаянным чальцам давядзецца ўнесці мільярд долараў, аспрэчваць не сталі.