У Беларусі абнавілі спіс артыстаў, чые песні нельга спяваць у караоке
У Беларусі абнавілі спіс забароненых музыкаў / pexels.com
У Беларусі абнавілі "чорны спіс" музыкаў, песні якіх забаранялі выконваць у караоке-барах у 2025 годзе. Копію дакумента атрымала выданне CityDog. Журналісты пішуць, што спіс быў атрыманы праз адно з упраўленняў культуры і пацверджаны некалькімі незалежнымі крыніцамі.
У пералік увайшлі 160 імёнаў і назваў гуртоў. У ім можна сустрэць беларускіх, украінскіх, еўрапейскіх, амерыканскіх і расійскіх артыстаў. "Логіка адбору, мяркуючы па прозвішчах, не абмяжоўваецца іх пазіцыяй па вайне або па пратэстах 2020 года", — адзначаюць у выданні. Напрыклад, у яго трапілі і Лэдзі Гага, і дуэт NaviBand, і нават прапуцінскі рэпер Баста.
Таксама выданне заўважыла, што ў спісе некаторыя выканаўцы пазначаныя з памылкамі: "Гурт "Дай дарогу!" указаны два разы. Jowwa — невядома, хто гэта, магчыма IOWA. N.R.N. замест N.R.M. Даня Мялохін, а не Мілохін. "Маша и медведь" замест "Маша и медведи". Anakondas замест Anacondaz. Ic 3peak замест IC3PEAK і г. д".
Імёны некаторых артыстаў згадваюцца ў спісе па два разы.
"Чорныя спісы" артыстаў перыядычна з'яўляюцца ў Беларусі яшчэ з нулявых гадоў. Апошні па часе вядомы такі пералік быў апублікаваны на пачатку 2023-га. Тады ў ім было 87 артыстаў, сярод якіх былі беларускія (Макс Корж, NaviBand, Ларыса Грыбалёва і г.д.), расійскія (Little Big, Бі-2), амерыканскія (Лэдзі Гага, Шэр).