Доказаў дастаўкі "Арэшніка" ў РБ няма — Супольнасць чыгуначнікаў
Так Мінабароны даказвала прысутнасць "Арэшніка" ў Беларусі / Мінабароны Беларусі
Афіцыйныя рэсурсы міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі 30 снежня паведамілі, што расійскі ракетны комплекс з балістычнымі ракетамі сярэдняй далёкасці "Арэшнік" заступіў на баявое дзяжурства ў нашай краіне. Быў нават апублікаваны відэаролік.
Але рэальных доказаў таго, што "Арэшнік" дастаўлены на тэрыторыю Беларусі, няма, сцвярджае Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Чыгуначнікі кажуць, што пастановачныя здымкі вяліся на тэрыторыі былой авіябазы "Крычаў-6". У відэа паказваюць толькі тры тыпы машын, задзейнічаных у абслугоўванні комплексу: машына сувязі, бронеаўтамабіль "Тайфун" і, як мяркуецца, машына забеспячэння баявога дзяжурства. Колавы цягач, які выконвае функцыі пускавы ўстаноўкі, ва ўсіх паказаных сюжэтах адсутнічае.
Паводле звестак Супольнасці чыгуначнікаў, гэтая тэхніка (без пускавых установак і ракет) прыбыла на тэрыторыю былой авіябазы "Крычаў-6" прыблізна ў перыяд з 18 па 20 снежня 2025 года. Для гэтага на тэрыторыю былой авіябазы правялі чыгуначную лінію.
"На карысць таго, што самаходныя пускавыя ўстаноўкі балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці (БРСД) "Арэшнік", якія ўваходзяць у склад рухомага грунтавога ракетнага комплексу (ПГРК), не ўвозіліся на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, сведчыць адсутнасць зафіксаванай інфармацыі аб перамяшчэнні негабарытных грузаў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў Беларусь у лістападзе—снежні 2025 года", — кажуць чыгуначнікі.
Разам з тым яны адзначаюць, што апошнім часам вядзецца актыўнае будаўніцтва вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (в/ч 42707), размешчанай каля вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У тым ліку туды праведзеная новая чыгуначная лінія. Прычым у адрозненне ад базы "Крычаў-6" у Вялікай Гарожы будаўніцтва больш тэхналагічнае.
"У сукупнасці гэтыя прыклады паказваюць не на разрозненыя або сітуацыйныя мерапрыемствы, а на паслядоўнае і сістэмнае пашырэнне вайсковай інфраструктуры і лагістычнай прысутнасці Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, якое рэалізуецца як праз паскораныя падрыхтоўчыя рашэнні, так і праз капітальныя доўгатэрміновыя праекты", — канстатуюць у Супольнасці чыгуначнікаў.