"Мы не бачылі саму ракету". Што кажа аналітык пра відэа з комплексам "Арэшнік"

Разгортванне выглядае даволі мінімалістычным

Разгортванне выглядае даволі мінімалістычным / Скриншот видео

30 снежня 2025 года Міністэрства абароны Беларусі паказала, як ракетны комплекс "Арэшнік" заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі. Аналітык па ядзернай зброі і стратэгіі стрымлівання Дэкер Эвелет, суаўтар артыкула Reuters пра магчымыя месцы размяшчэння комплексу, адзначае, што разгортванне пакуль выглядае даволі мінімалістычным.

"Адзін аб’ект тэхнічнай падтрымкі, на якім, наколькі нам вядома, нават няма саміх ракет. Аднак я б не стаў успрымаць гэта як доказ таго, што разгортванне “Арэшніка” застанецца такім жа абмежаваным.

Зараз усё гэта разгортванне адбываецца ў спешцы, каб адпавядаць заяве Аляксандра Лукашэнкі, што ракета будзе ўведзеная ў строй да канца года. Хутчэй за ўсё, гэта няпраўда — мы не бачылі саму ракету, а аб’екты забеспячэння яшчэ нават не завершаныя", — звяртае ўвагу эксперт.

Дэкер Эвелет дадае, што пакуль няма інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца база палкавога ўзроўню. Аб’ект пад Крычавам, за пару кіламетраў ад Расіі, "відаць, з’яўляецца раёнам тэхнічнай падтрымкі для аднаго батальёна".

Ён лічыць, што існуе верагоднасць таго, што Расія будзе паступова нарошчваць інфраструктуру на працягу наступных двух гадоў дзеля разгортвання паўнавартаснага палка "Арэшнік" у Беларусі.

Эксперт папярэджвае, што "варта ўстрымацца ад абвяшчэння гэтага разгортвання выключна палітычным жэстам, пакуль мы не зразумеем яго поўны характар".

"Магчыма, разгортванне так і застанецца ў такім выглядзе — адзін батальён, які, верагодна, будзе знаходзіцца ў Беларусі толькі час ад часу. А магчыма, мы ўбачым пастаяннае размяшчэнне ядзерных ракет на тэрыторыі Беларусі", — падкрэслівае Эвелет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.