Супрацоўнікі жаночай калоніі дазваляюць сабе пахабныя жарты

Гомельская жаночая папраўчая калонія

Гомельская жаночая папраўчая калонія

Былая палітзняволеныя распавяла пра непаважлівае стаўленне з боку супрацоўнікаў гомельскай жаночай калоніі ў інтэрв'ю праваабаронцам "Вясны". Паводле яе ў адносінах да зняволеных жанчын гучаць і пахабныя жарты, і каментары пра знешнасць.

"Летам супрацоўнікі стаяць, калі мы ідзём строем на працу або з працы, і спакойна абмяркоўваюць, хто ім падабаецца, хто прыгожая. Яны могуць паклікаць любую жанчыну і размаўляць з ёй як хочуць. Ты абавязаная гэта трываць", — распавяла былая палітзняволеная.

Апроч таго ў калоніі пастаянна праходзяць агляды вонкавага выгляду.

"У мяне была сітуацыя ў самым пачатку, калі падчас агляду супрацоўнік сказаў, каб паглядзець, што ў мяне пад паўпаліто: "Распранайся". Сам тон быў настолькі зневажальны, што я доўга не магла гэта перажыць. Потым я проста навучылася ставіцца да гэтага спакайней", — распавядае жанчына.

Яна кажа, што жанчыны ў калоніі жывуць з адчуваннем, што ў іх няма ніякіх правоў. Яна нагадвае супрацоўнікам калоніі, што слоўнае прыніжэнне — гэта таксама гвалт.

"Мы і так пакараныя, а да гэтага дадаецца пастаянны ціск", — рэзюмуе жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.