Былая галоўрэдка Tut.by Золатава апублікавала першы допіс пасля вызвалення
Зняволеныя жаночай калоніі № 4 у Гомелі / Кадр з дакументальнага фільма "Дэбют"
Медыяменеджарка Tut.by і былая палітзняволеная Марына Золатава апублікавала першы публічны допіс упершыню з моманту вызвалення ў снежні 2025 года.
Яна кажа, што за чатыры гады яе зняволення свет змяніўся, але галоўнае для яе — магчымасць зноў быць побач з блізкімі. Яна піша, што нарэшце змагла "абняць сваіх дарагіх Кішкурночак, мамачку, брата, сяброў", а сустрэча з сястрой і татам яшчэ наперадзе.
Золатава дзякуе ўсім, хто спрыяў яе вызваленню, прызнаючыся, што ў калоніі не заўсёды верыш, што пра цябе памятаюць: "адно зразумела: на працягу ўсяго гэтага часу пра нас памяталі, пра нас турбаваліся і працавалі над тым, каб мы выйшлі на волю". Асобныя словы — тым, хто сустракаў іх ва Украіне і Польшчы, за "столькі ўвагі, цяпла, падтрымкі і дабрыні".
Гаворачы пра турму, медыяменеджарка адзначае, што гэта месца, дзе чалавек праяўляецца без масак: "у турме чалавек становіцца самім сабой — без упрыгожванняў, прыкідства і знешняга лоску". Там яна ўбачыла і найгоршае, і найлепшае ў людзях.
Хоць Новы год яна ўпершыню за пяць гадоў сустрэла на волі, радасць свята была азмрочаная думкай пра тых, хто застаўся за кратамі. У гомельскай калоніі на Антошкіна, піша яна, Новы год сустракалі "дзясяткі цудоўных жанчын", чыё месца — побач з блізкімі, якія "кожны дзень, кожную хвіліну чакаюць і спадзяюцца".
Далей Золатава пералічвае па імёнах жанчын, з якімі яе звяла калонія: Мілу, Таццяну Кузіну, Валерыю Касцюгову, Марфу Рабкову, Кацярыну Бахвалаву, Ганну Аблаб, Яну Пінчук, Ірыну Злобіну, Насту Лойку, Волю Брыцікаву і многіх іншых. Яна ўспамінае іх характары, сілу, годнасць і абсурдна жорсткія тэрміны — "44 гады на чацвярых", "15 гадоў", "12 гадоў". І падкрэслівае, што з усёй іх групы на волі цяпер толькі яна.
Асабліва цяжка Марына піша пра сталых жанчын — 60–70 гадоў, якія атрымалі рэальныя тэрміны за лісты і пасылкі палітзняволеным. "Многія з тых, каму яны дапамагалі, ужо на волі, а яны ўсё яшчэ не", — адзначае яна.
Золатава не хавае пачуцця віны за тое, што яе вывезлі, а астатнія засталіся: яны працягваюць цяжка працаваць, мерзнуць, чакаць лістоў і званкоў. "Чакаюць і спадзяюцца. Кожны дзень. Кожную хвіліну. <...> Ішоў 2026 год. Год беларускай жанчыны".