Высланага з Беларусі журналіста запрасілі ў Следчы камітэт забраць адзін рубель
Ігар Карней / Еўрарадыё
Экс-палітвязня Ігара Карнея, якога ў чэрвені 2025-га прымусова выслалі з Беларусі, запрашаюць у следчы камітэт. Яму прапануюць забраць адзін рубель, які належыць яму па пераразліку. Пра гэтую гісторыю журналіст расказаў у Фэйсбуку.
"Могуць жа парадаваць, калі захочуць. Следчы камітэт запрашае ў сваё менскае ўпраўленне, каб я мог забраць па ведамасці… 1 рубель. Не, ніякая не апіска: не 1000, не 100 і нават не 10. А менавіта 1!
Гэта ж зусім мяняе справу! Пасля таго, як нагрузкай да асноўнага тэрміну ў якасці дадатковага пакарання ўляпілі 20 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі, як карпатліва падлічылі страты “супрацьзаконнага ўзбагачэння” ад журналісцкай дзейнасці, як постфактум выставілі рахунак за каланіяльную робу і спажыты корм, як выкарыстоўвалі бясплатную нявольніцкую працу на пілараме ды медалупні — і раптам прызнаць памылку ў падліках! Такое пасыпанне попелам дарагога вартае", — іранізуе былы журналіст Радыё Свабода.
Карней таксама звярнуў увагу, што дакумент быў выпісаны яшчэ 14 сакавіка 2025 года: "Пасля гэтага яшчэ паўгода паперка дзесьці боўталася па бюракратычных шуфлядах, пакуль у мяху Святога Мікалая пад Каляды не апынулася ў паштовай скрынцы на Сухарава".
Ён прызнаўся, што не разумее, адкуль у Следчага камітэта такая шчодрасць і "чаму менавіта 1 рубель, а не 10 капеек".
Журналіст прызнаўся, што нават не рызыкуе паглыбляцца ў логіку такой "фінансавай амністыі". І паіранізаваў, што цяпер аказаўся перад цяжкім выбарам: "Вось і я пасярод дылемы: як разарвацца паміж запрашэннем і выдварэннем".
Дарэчы, раней Карней таксама атрымаў апавяшчэнне з аддзела прымусовага выканання. Тады ад яго патрабавалі пагасіць запазычанасць за "паслугі", аказаныя ў СІЗА №1 на Валадарскага. У выпадку ігнаравання журналісту пагражалі прымусовым прыводам.