Гамельчукі абмяркоўваюць "засакрэчаную" прычыну выбуху ў доме на Косарава
Дом на вуліцы Косарава, дзе адбыўся выбух / belkagomel.by
Гомельскія ўлады афіцыйна так і не назвалі прычыну выбуху ў шматкватэрным доме на вуліцы Косарава, 3, хаця прайшло ўжо тры тыдні. На фоне гэтага сярод гамельчукоў абмяркоўваюцца розныя версіі.
Інцыдэнт адбыўся 17 снежня. Пры выбуху былі разбураныя некалькі кватэр і як мінімум адзін чалавек загінуў. Адразу паведамлялася, што адбылася ўспышка газапаветранай сумесі без далейшага гарэння.
Як заўважыў сайт "Флагшток", у Гомелі ходзяць чуткі, што з людзей, абазнаных у прычыне выбуху, узялі падпіску аб неразгалошванні. А выбух нібыта здарыўся ў той момант, калі работнікі камунальных службаў варылі трубы.
"Калі варылі трубы, то паху газу не было, бо пры зварцы/рэзанні выкарыстоўваюць кісларод. І эпіцэнтр быў не на кухні".
"Кісларод, ацэтылен выкарыстоўваюць пры газавай зварцы, а яны ў балонах".
Гэтую версію ўскосна падтрымлівае расказ жыхаркі адной з кватэр, якая была дома падчас выбуху. У гутарцы з выданнем "Моцныя навіны" яна згадала, што пасля выбуху спускалася па лесвіцы і пабачыла рабочага, які таксама выбягаў на вуліцу. Той сказаў ёй: "Хутчэй на вуліцу, падлога правалілася з восьмага на сёмы". Які менавіта гэта быў рабочы, відавочца не ўдакладніла.
Маўчанне ўладаў спараджае ў гамельчукоў розныя версіі. Некаторыя лічаць, што ва ўсім вінаватыя менавіта дзяржаўныя структуры, таму вінаватых не называюць:
"Дзіўна, што маўчаць пра вінаватага ва ўцечцы газу. Быў бы вінаваты ўладальнік кватэры, у той жа дзень з кожнага праса пра гэта казалі, а тут усё падазрона ціха".
На карысць гэтай версіі ўскосна сведчыць абяцанне ўладаў кампенсаваць усе выдаткі за кошт бюджэту.