Пад Слуцкам мужчына спрабаваў выкрасці дзяўчыну
У Слуцкім раёне мужчына выкраў дзяўчыну / ДАІ УУС Мінаблвыканкама
Жыхар Слуцкага раёна паведаміў у міліцыю, што невядомы мужчына выкраў яго 18-гадовую знаёмую, пасадзіў у машыну і некуды павёз.
У пагоню за выкрадальнікам адправіліся нарады міліцыі, паведамляе ДАІ Мінскай вобласці. Каля вёскі Лучнікі міліцыянты выявілі аўтамабіль Opel, падобны да таго, што быў указаны ў арыенціроўцы. На патрабаванне ДАІ кіроўца не спыніўся і паспрабаваў уцячы. Пачалася пагоня.
У нейкі момант аўтамабіль падазраванага запаволіўся, і дзяўчыне ўдалося вырвацца. Яе пасадзілі ў міліцэйскае аўто, пасля чаго пагоня працягнулася. Каб спыніць уцекача, міліцыянты нават пачалі страляць па яго машыне.
У выніку ўцекача затрымалі. Аказалася, што гэта 32-гадовы мужчына, раней некалькі разоў судзімы. Яго змясцілі ў ІЧУ, прызначылі экспертызы. На яго пачалі крымінальную справу за выкраданне.