“Не беларускае свята”. Ці адмяняюць Дзень усіх закаханых у 2026 годзе?
Ці адмяняюць Дзень усіх закаханых? / @rubanau_collage
Дзень святога Валянціна ўжо пару гадоў як пад забаронай у Беларусі. Напярэдадні свята дзяржаўныя СМІ пра яго не пішуць, нават намёкаў няма. Школы і ўніверсітэты таксама вырашылі ігнараваць гэту дату.
Але некаторыя вечарынкі, канцэрты і тэматычныя мерапрыемствы 14 лютага ўсё ж пройдуць. Еўрарадыё паглядзела, як у гэтым годзе з правядзеннем Дня ўсіх закаханых у Беларусі.
Школы і ўніверсітэты
У школах і ўніверсітэтах — поўная цішыня. Калiсьці традыцыйная “пошта закаханых” у школах і гімназіях пайшла ў нябыт.
— У мінулым годзе прыкладна за тыдзень да 14 лютага ў нас паставілі скрыню, куды можна было кідаць валянцінкі. Нават канцэрт быў. А ў гэтым годзе нічога, зусім ніякіх згадак, — кажа мінская школьніца.
У аддзелах адукацыі, куды звярнуўся журналіст Еўрарадыё пад выглядам занепакоенага бацькі, паведамляюць, што ўсе мерапрыемствы праводзяцца згодна з планам, а Дня святога Валянціна ў гэтым плане, відаць, больш няма.
— Ну, увогуле ў школах рэалізуецца праграма правільнага выхавання, якая прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў па ўсёй рэспубліцы, можна сказаць. І ў пералік гэтых мерапрыемстваў гэтае свята не ўваходзіць, калі я не памыляюся, — кажа супрацоўніца аддзела адукацыі.
Прыкладна тое самае паведамляюць і ў іншым аддзеле адукацыі.
— У нас ёсць дакладныя патрабаванні, інструкцыі і метадычныя лісты, і ёсць праграма правільнага выхавання. На сённяшні момант у гэтыя дакументы гэтае свята не ўключана.
У аддзелах адукацыі нам таксама кажуць, што школы самі могуць складаць план. Тэлефануем у беларускую школу.
— А ўвогуле Дзень святога Валянціна — гэта не беларускае свята, каб яго прама ўзносіць у ранг гэтых мерапрыемстваў. У першую чаргу гэта беларускія святы, а Дзень святога Валянціна да такіх свят не адносіцца, — кажа дырэктар школы.
— То-бок толькі таму, што ён не беларускі, так?
— Ну а як вы лічыце, гэта нармальна, калі мы будзем усе мерапрыемствы праводзіць? Нам хапае сваіх, запланаваных.
Ва ўніверсітэтах, здаецца, сітуацыя прыкладна такая ж. На старонках студэнцкіх арганізацый БДУ, як прафкама, так і студсавета, няма інфармацыі ні пра якія мерапрыемствы ў гэты дзень.
Такая ж сітуацыя ў сацсетках БДЭУ і БНТУ.
Напрыканцы 2023 года Міністэрства культуры Беларусі стварыла канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на 2024–2026 гады. У ёй прапаноўвалася забараніць святкаванне Хэлоўіна і Дня святога Валянціна, бо гэтыя святы прыйшлі з-за мяжы і “негатыўна ўплываюць” на беларусаў.
Мінкульт прапаноўваў беларусам святкаваць больш “народных і сучасных грамадзянскіх свят”, якія, маўляў, сапраўды “адлюстроўваюць каштоўнасці беларускага народа”.
Судзячы па ўсім, план удалося рэалізаваць, па меншай меры, у дзяржаўных установах.
Грамадскія ўстановы запрашаюць на тэматычныя вечарыны
Калі пару гадоў таму дзякуючы намаганням Вольгі Бандаравай і іншых праціўнікаў Дня святога Валянціна шмат мерапрыемстваў пад эгідай свята адмянялі, то ў гэтым годзе з гэтым лягчэй.
У інтэрнэце можна лёгка знайсці афішы канцэртаў, спектакляў і іншых тэматычных формаў святкавання.
Напрыклад, 14 лютага 2026 года аматары патанцаваць змогуць прыйсці на дыскатэку “Love is…” у клубе Astro Club, прысвечаную Дню закаханых. На вечары прагучаць хіты 80-х, 90-х і 2000-х гадоў.
У рэстаране “Бруклін” адбудзецца тэматычная вечарына, а рэстаран “Рабінзон-Сіці” будзе адпаведна аформлены.
Як піша “Флагшток”, у Гомелі да святкавання Дня ўсіх закаханых нават далучылася дзяржаўная карцінная галерэя імя Вашчанкі. Тут хацелі арганізаваць спецыяльны паказ фільма Вудзі Алена “Эні Хол”, аднак афішу ў хуткім часе прыбралі.
Шматлікія ўстановы ў Гродне прапануюць гасцям рамантычную атмасферу і нават спецыяльныя сэты, падрыхтаваныя да Дня ўсіх закаханых.
У многіх іншых гарадах Беларусі ўстановы таксама запрашаюць адзначыць Дзень святога Валянціна.